МІХАІЛ КАСЬЯНАЎ НАЗВАЎ НОВЫ ТЭРМІН ПАЧАТКУ ВАЛЮТНАЙ ІНТЭГРАЦЫІ БЕЛАРУСІ І РАСЕІ

Алена Ціхановіч, Прага

Адтэрміноўку ўвядзеньня безнаяўнага расейскага рубля ў Беларусі Касьянаў патлумачыў рашэньнем менскіх уладаў, у прыватнасьці Нацыянальнага банку Беларусі. Старшыня расейскага ўраду адзначыў, што пакуль ён ня бачыць неадольных праблем у галіне валютнага аб’яднаньня. Аднак расейскі друк у сваіх камэнтарах зьвяртае ўвагу менавіта на такія перашкоды.

Страта нацыянальнага сувэрэнітэту ў фінансавай галіне відавочна палохае Аляксандра Лукашэнку, які вырашыў пачакаць з указам пра ўвядзеньне расейскга рубля ў безнаяўных разліках, піша газэта “Ведомости”. Расіянам і беларусам варта падзякаваць за гэта Лукашэнку, лічыць аўтар публікацыі і тлумачыць чаму. Ідэя, што Расея і Беларусь, краіны цалкам рознага эканамічнага ладу, могуць уваходзіць у валютны саюз, як гэта зрабілі краіны Эўразьвязу, сама па сабе крыху недарэчная. Прыклады трэба шукаць далей, пішуць “Ведомости”, у тых краінах Лацінскай Амэрыкі, якія прынялі даляр за ўласную валюту. Піянерамі выступілі Эквадор і Сальвадор, якія спрабуюць з дапамогай даляра вырашыць свае эканамічныя праблемы. Становішча ў Беларусі мае падабенства з лацінаамэрыканскімі краінамі. Таксама, як Эквадор экспартуе больш за 60 працэнтаў сваёй прадукцыі ў ЗША, так і ў Беларусі больш як 60 працэнтаў яе экспарту прыпадае на Расею. Штаты – галоўны інвэстар ў Лацінскай Амэрыцы, так як і Расея ў Беларусі. Але тут падабенства сканчаецца. Беларусь – крайне цэнтралізаваная эканоміка, у якой неэфэктыўныя прадпрыемствы трымаюцца на плыву дзякуючы шчодрым эмісіям Цэнтрабанку і пэрыядычным дэвальвацыям. Злучэньне такой эканомікі з расейскай прывяло б ці то да шоку, ці то да неабходнасьці далейшых субсыдыяў, толькі ўжо за кошт Расеі.

“Время новостей” адзначае , што, нягледзячы на знешні аптымізм Масквы, можна прагназаваць: калі валютная дамова ня будзе гатовая да верасьня, то увядзеньне наяўнага расейскага рубля ў Беларусі з пачатку 2005 году будзе малаверагодным. “Труд” сваю пазыцыю выказвае ў загалоўку “Рубель спатыкнуўся аб Лукашэнку”, а “Расійская газэта” назвала публікацыю “Рубель з заечымі вушамі.” Газэта падкрэслівае словы расейскага прэм’ера Касьянанава пра тое, што Беларусь павінна ўсьвядоміць усе правы і адказнасьць за спыненьне абарачэньня сваёй нацыянальнай валюты.