“БЕЛАРУСКІ ЛІЦЭЙ” ЯК АЛЬТЭРНАТЫВА ЛІКВІДАВАНАМУ ДЗЯРЖАЎНАМУ

Любоў Лунёва, Менск

На бацькоўскім сходзе аднагалосна прагаласавалі за стварэньне новай навучальнай установы пад умоўнай назвай “Беларускі ліцэй”. На думку актывіста бацькоўскага камітэту Сяргея Занкевіча, стварэньне новага ліцэю ёсьць рэакцыяй на стаўленьне да іх міністэрскіх чыноўнікаў.

(Занкевіч: ) “Беларускі ліцэй” — рэакцыя на тое, як з намі абышоўся гэты рэжым. Міністэрства адукацыі выцерла аб нас ногі. З намі абышліся не па-людзку. Зьнішчылі нашу ўстанову. У якасьці рэакцыі мы абралі такі шлях. Мяркуем стварыць новую навучальную ўстанову, не залежную ад дзяржавы, бо ёсьць такая небясьпека, што калі нават усё больш-менш уладкуецца ў гэтым новым ліцэі на гарадзкім узроўні, нам спакойнага жыцьця не дадуць”.

На сходзе абралі Раду ў справе стварэньня Беларускага ліцэю. Старшынём стаў філёляг Міхась Тычына. Міністэрскія чыноўнікі запатрабавалі ад выкладчыкаў перадаць ім усе клясныя журналы, асабовыя справы дзяцей і выкладчыкаў. Апроч таго, ім спатрэбіліся і мэдычныя карты навучэнцаў. Абурэньне выклікала тое, што чыноўнікі запатрабавалі сьпіс бацькоў. На думку бацькоў, чыноўнікі будуць праводзіць праверку ляяльнасьці іх да ўлады.

7 ліпеня бацькі навучэнцаў наведаюць гарадзкі аддзел адукацыі. Яны накіравалі туды ліст, у якім папярэдзілі: калі ў новы ліцэй ня возьмуць на працу хаця б аднаго з выкладчыкаў, то іншыя звольняцца, а дзеці 1 верасьня ня прыйдуць на заняткі.