ЯК МЕНЧУКІ СТАВЯЦЦА ДА СЬВЯТА 3 ЛІПЕНЯ?

Галіна Абакунчык, Менск

Абсалютная бальшыня маіх выпадковых суразмоўцаў, асабліва людзі сталага веку, дзень 3 ліпеня адзначаюць найперш як дзень вызваленьня Менску і Беларусі ад фашыстоўскіх захопнікаў.

(Карэспандэнтка: ) “Што для вас 3 ліпеня?”

(Спадарыня: ) “Дзень вызваленьня Беларусі ад нямецкіх захопнікаў. А Дзень незалежнасьці — як сьвята — зусім не адчуваецца. Усё разам не ўспрымаецца”.

(Спадар: ) “Перш за ўсё, гэта вызваленьне Менску ў 1944 годзе. Ну, а сьвята незалежнасьці — гэта другаснае”.

(Спадарыня: ) “Я нарадзілася ў 1941 годзе, і вельмі цяжка давялося, пакуль бацька прыйшоў з палону. Таму гэтае сьвята для мяне вельмі вялікае значэньне мае. Ня так важны Дзень незалежнасьці, а менавіта вызваленьня”.

(Спадар: ) “Я сёньня адзначаю Дзень перамогі. Таму, што мой бацька ваяваў на фронце, але цяпер яго няма сярод жывых. Таму для мяне гэты дзень — Дзень перамогі, а Дзень незалежнасьці — на другім месцы. Кожнае сьвята трэба сьвяткаваць паасобку, а да кучы ня трэба”.

Некаторыя сярод апытаных сёньня маладых людзей за апошнія гады прызвычаіліся да думкі, што Дзень вызваленьня, 3 ліпеня, і ёсьць Днём незалежнасьці Беларусі. Але гэтак думаюць ня ўсе.

(Карэспандэнтка: ) “Што для вас дзень 3 ліпеня?”

(Юнак: ) “Дзень незалежнасьці. Ён пераўтварыўся ў Дзень незалежнасьці са сьвята вызваленьня Менску”.

(Юнак: ) “Сёньня сьвята — Дзень незалежнасьці Рэспублікі Беларусь”.

(Юнак: ) “Я сёньня сьвяткую вызваленьне Менску ад нямецка-фашыстоўскіх захопнікаў. Гэта найперш, а незалежнасьці ў нас проста няма ўвогуле”.

(Юначка: ) “А я гэтае сьвята ўвогуле не адзначаю ніяк”.

(Юнак: ) “Дзень 3 ліпеня, па-першае — гэта дзень нараджэньня маёй любай матулі. Ну, а пасьля ўжо Дзень незалежнасьці нашай роднай краіны”.

Сярод ахвотных прагуляцца па сьвяточных вуліцах сталіцы былі й тыя, якія 3 ліпеня не атаясамліваюць з Днём незалежнасьці Беларусі.

(Карэспандэнтка: ) “Які дзень вы лічыце Днём незалежнасьці Беларусі?”

(Спадар: ) “Гэтае сьвята я ніяк не ўспрымаю ў дзень 3 ліпеня. 3 ліпеня — гэта сьвята, якое ў сэрцы кожнага беларуса. Бо ў кожнай сям’і нехта загінуў на фронце, у партызанах ці на акупаванай тэрыторыі. І гэта сапраўды ўсенароднае сьвята”.

(Спадарыня: ) “Я да гэтага сьвята стаўлюся вельмі спакойна. Я не разумею, у якім сэнсе ў гэтым сьвяце ўзгадваецца рэспубліка, калі ёсьць краіна Беларусь. Навошта ўвогуле было гэта рабіць 3 ліпеня? Таму я разумею гэта як масавае гуляньне й ня больш”.

(Спадарыня: ) “3 ліпеня — гэта Дзень вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашыстоўскіх захопнікаў. А дзень вызваленьня, мне падаецца, трэба сьвяткаваць 27 ліпеня, бо ў гэты дзень Вярхоўны Савет прыняў дэклярацыю пра сувэрэнітэт Беларусі”.