Як адзначаюць адмыслоўцы Міністэрства статыстыкі, у параўнаньні зь мінулым годам узровень прыхаванага беспрацоўя зьнізіўся. Колькасьць афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных таксама. Паводле апошніх зьвестак, гэта 3,3% да эканамічна актыўнага насельніцтва. Зрэшты, мае суразмоўцы сказалі, што сыстэма ўліку беспрацоўных у нас недасканалая: Мінстат бярэ гэтыя лічбы ў службы занятасьці. Каб даведацца пра рэальны стан рэчаў, трэба праводзіць адмысловае дасьледаваньне, на якое ў адмыслоўцаў міністэрства папросту няма грошай.
Атрымліваецца, што чалавек, які звольніўся з працы, але не пайшоў у мясцовы цэнтар занятасьці, беспрацоўным ня лічыцца. Аднак дэ-факта ён ня мае сталага занятку і перабіваецца любымі магчымасьцямі падзарабіць. Вельмі часта — па-за межамі Беларусі. Гаворыць старшыня галіновага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч:
(Фядыніч: ) “Хто ідзе гандляваць, але цяпер такія магчымасьці таксама скарачаюцца. Што да Берасьцейскай і Гарадзенскай абласьцей, то пакуль не перакрыты быў канал, ратавала Польшча. Ведаю, што ёсьць такія людзі, якія выяжджаюць у Расею, мяняюць сваю прафэсію. Людзі вымушаныя на ўсё лета, на тры-чатыры месяцы пакідаць сваю сям’ю і ехаць”.
Тое самае практыкуюць і прыхаваныя беспрацоўныя, для якіх роднае прадпрыемства робіцца месцам захоўваньня працоўнай кніжкі. Паводле спадара Фядыніча, зьява гэта надзвычай распаўсюджаная, прынамсі, на прадпрыемствах радыёэлектроннай прамысловасьці.
Прэзыдэнт асацыяцыі “Садзеяньне эканамічнаму разьвіцьцю” Васіль Шлындзікаў сьцьвярджае, што ўзровень прыхаванага беспрацоўя, адлюстраваны ў статыстыцы, можна сьмела павялічваць у пяць разоў — рэальныя лічбы кіраўнікі прадпрыемстваў часта не паказваюць. Што да афіцыйнага беспрацоўя, то, на думку эканаміста, звольненым працаўнікам няма ніякай рацыі ісьці на біржу працы.
(Шлындзікаў: ) “У мяне нядаўна такі выпадак быў у Польшчы. Ідзем па невялікім польскім мястэчку. Насустрач нам чалавек. Вы рускія? — пытаецца. Не, мы беларусы. О, кажа, дык у вас Лукашэнка малайчына. Так, адказваю, канечне ж малайчына, нават калі вы пра гэта ведаеце. А які ж у вас заробак? 100 даляраў. Як сто даляраў?! У нас па беспрацоўі дапамога сто даляраў”.
Васіль Шлындзікаў кажа, што зьніжэньне колькасьці беспрацоўя, якое адзначае статыстыка, нельга сур’ёзна ўспрымаць яшчэ й таму, што колькасьць працоўных месцаў у краіне не павялічылася. Звычайна гэта павінна адбывацца за кошт пашырэньня прыватнага сэктару эканомікі, але ён з кожным годам, наадварот, звужаецца.