АД 1 ЛІПЕНЯ БЕЛАРУСКІЯ FM-СТАНЦЫІ МАЮЦЬ ВЫДАВАЦЬ У ЭФІР НЯ МЕНШ ЗА 50% ТВОРАЎ БЕЛАРУСКІХ ВЫКАНАЎЦАЎ

Севярын Квяткоўскі, Менск

Першага ліпеня беларуская музыка гучала ў FM-эфіры часьцей, чым звычайна. Праўда, дырэктар "Альфа-радыё" Сяргей Кузін зазначыў, што беларускі песьні можна будзе больш пачуць у нерэклямны начны час. Маўляў, якасьць фанаграмаў нашых выканаўцаў не адпавядае сучасным стандартам. Ідэю пра якасьць агучыла і прадстаўніца радыё "Юністар" Раіса Розум:

(Розум: ) "Праблемы, мне падаецца, зь якасьцю і гучаньнем. І дзе нашыя артысты пішуцца. Гэта вялікая праблема".

Прафэсійны музыкант і FM-радыйшчык Аляксандар Крывашэеў катэгарчына ня згодны:

(Крывашэеў: ) "Гэта ўсё блеф, і гэта ўсё міт. Гэта людзі, якія нічога ня хочуць чуць на беларускай мове. Гэта людзі, якія робяць для беларускамоўнага выканаўцы штосьці накшталт гета. Таму што за апошнія два гады ўтрая павысілася якасьць беларускіх фанаграмаў. Да таго ж, шмат хто выяжджае на запіс у іншыя краіны".

Зрэшты, дырэктар беларускай службы "Русского радио" Антон Славін паведаміў нашаму радыё, што іх станцыя ўжо месяц як выдае каля 60% беларускіх выканаўцаў. Праўда – расейскамоўных. Дарэчы, да беларускіх выканаўцаў залічваюцца расейскія, якія паходзяць ці зьвязаныя зь Беларусьсю.

Што да беларускае мовы, сёньня ў FM-эфіры актыўна выкарыстоўваліся запісы "Песьняроў".

Адкуль узьнікла ідэя 50-адсоткавага эфіру беларускае вытворчасьці? У прыёмнай міністра інфармацыі патлумачылі:

(Сакратарка: ) "Ёсьць такі дакумэнт – "Рашэньне Рэспубліканскай камісіі па тэлевізіі і радыёвяшчаньню". У сувязі з гэтым рашэньнем прынятае вось такое..."

Нарэшце, найбольш канкрэтна адказаў адзін з дырэктараў радыё "Рокс" Уладзімер Тароцька:

(Тароцька: ) "Гэта згодна з указам прэзыдэнта. Міністэрства інфармацыі выклікала і сказала, што зь першага чысла вы павінны круціць пяцьдзясят працэнтаў беларускіх выканаўцаў. Будзьце ласкавыя выконваць гэтае ўказаньне. Усё".

(Карэспандэнт: ) "А дакумэнт які-небудзь?"

(Тароцька: ) "Штосьці, напэўна, ёсьць. Нават, я не магу адказаць. Канкрэтна назваць загад такі й такі я вам не магу".

На думку прафэсійнага прад'юсара Рамана Арлова, толькі спрыяльныя эканамічныя ўмовы, рынак, змогуць дапамагчы беларускаму шоў-бізнэсу:

(Арлоў: ) "Тое, што нешта ініцыюецца ўладай, яно ня шкодзіць. Патрэбная структура музычнага голдынгу. Нашмат больш складаная, чым адміністратыўны загад, які FM-станцыя выконвае. Усё, што зьвязанае з FM-радыё, – гэта бізнэс".