З 1 ЛІПЕНЯ Ў БЕЛАРУСІ ПАЧАЛІ ДЗЕЙНІЧАЦЬ НОВЫЯ ПРАВІЛЫ ДАРОЖНАГА РУХУ

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Жоўтыя зігзагі на асфальце побач з трамвайным прыпынкам. Ад сёньня кіроўцы мусяць ціснуць на тармазы так, каб не заехаць за гэтую паласу пры набліжэньні трамвая. З 1-га ліпеня ўступілі ў дзеяньне новыя правілы дарожнага руху, але толькі гэтыя жоўтыя зігзагі ёсьць іх бачнай праявай, а астатнія новаўвядзеньні трэба ведаць. Ці ведаюць іх кіроўцы? Гаворыць Мікалай, аўтааматар зь пяцігадовым стажам:

(Мікалай: ) "Ведаю ня ўсё, але нешта ведаю. Прыкладам, зараз, калі дарогу пераходзіць пешаход, трэба абавязкова спыніцца, а раней прапусьціць трэба было толькі, калі група".

Новаўвядзеньняў нямала, аднак з большага яны тычацца альбо пэўных паняцьцяў, альбо ня самых масавых групаў кіроўцаў. Прыкладам, вялікагрузныя машыны і аўтобусы, якія едуць з-за мяжы альбо за мяжу, павінны абсталёўвацца тахомэтрам – гэта своесаблівая "чорная скрыня", якая фіксуе, як кіроўца выконваў хуткасны рэжым. Такое правіла ёсьць у Нямеччыне, у Польшчы, а ў Беларусі не было. Замежныя кіроўцы гэтым злоўжывалі – па Беларусі ехалі на максымальнай хуткасьці, і гэта часта прыводзіла да аварыяў", – распавёў мне адзін з распрацоўшчыкаў новых правілаў, які прасіў не называць ягонага прозьвішча. У якасьці прыкладу маёр прывёў выпадак, калі пад Кобрынам перакуліўся бэльгійскі аўтобус зь дзецьмі з чарнобыльскіх раёнаў. Паводле міліцыянта, новыя правілы абмяжуюць такіх аматараў хуткай язды, і гэта ёсьць пэўным крокам да эўрапейскіх стандартаў у правілах дарожнага руху. Гэтак сама, як большы клопат пра пешаходаў. Увядзеньне абавязковага ўключэньня сьвятла ў восеньска-зімовы пэрыяд – з таго ж шэрагу эўрапейскіх стандартаў. Прычым гэтае новаўвядзеньне тычыцца ўсіх кіроўцаў без вынятку, і парушэньне яго будзе жорска карацца, папярэджваюць у аўтаінспэкцыі.

Ёсьць у правілах і навінка, якая запазычаная з Расеі. Гэта забарона так званага дарожнага "слаламу" – калі кіроўца на шматпалоснай дарозе едзе зігзагамі, каб апярэдзіць іншых. Цяпер такія паводзіны будуць карацца. У дзяржаўнай аўтаінспэкцыі мне патлумачылі, што непакоіцца наконт неаб’ектыўнасьці інспэктараў ня варта – хутка асноўныя трасы ў сталіцы будуць абсталяваныя відэакамэрамі, якія дакладна пакажуць, ці парушалі вы правілы перасоўваньня з адной паласы ў другую. "Але гэта калі яшчэ будзе, а новыя правілы ўступілі ў дзеяньне ўжо сёньня!" – выказаў я зьдзіўленьне ў размове з прэсавым сакратаром ДАІ Ганнай Галдыцкай. Вось што яна адказала:

(Галдыцкая: ) "Сёньня мы яшчэ не караем. Усе нашыя інспэктары арыентаваныя на тое, каб тлумачыць новаўвядзеньні ў правілах, папярэджваць".

Паводле дадзеных аўтаінспэкцыі ў Беларусі зарэгістравана больш за 2,5 міьльёны транспартных сродкаў. У пераліку на амаль 10 мільёнаў жыхароў гэты паказчык ніжэйшы за сярэднеэўрапейскі, аднак паводле колькасьці здарэньняў Беларусь перавышае сярэдні ўзровень. Летась 2 тысячы чалавек загінула на дарогах краіны, больш за 7 тысяч было паранена. Прычым гэтыя сумная паказчыкі штогод растуць прыкладна на 10%. У ДАІ перакананыя, што новыя правілы руху зьнізяць небясьпеку на дарогах Беларусі.