ПРАФСАЮЗ ПРАЦАЎНІКОЎ АДУКАЦЫІ ПАТРАБУЕ АД УРАДУ ВЫПЛАЦІЦЬ НАСТАЎНІКАМ АДПУСКНЫЯ

Галіна Абакунчык, Менск

Запазычанасьць перад настаўнікамі на сёньняшні дзень па краіне складае 12 мільярдаў 472 мільёны рублёў. Лідэрства, як і ў папярэднія гады, трымае Магілёўская вобласьць. Вялікія даўгі таксама ў Берасьцейскай і Менскай абласьцях. А ў такіх раёнах, як Касьцюковіцкі, Горацкі, Валожынскі, Нясьвіскі й іншых, настаўнікам увогуле ня выплацілі ні капейкі, – кажа старшыня галіновага прафсаюзу Тамара Чобатава:

(Чобатава: ) “Складанае, даволі напружанае становішча: настаўнікі тэлефануюць, ходзяць у школу даведвацца – ці будуць адпускныя, а самі ўжо месяц прабылі ў адпачынку. І такое становішча ва ўсіх тэрыторыях”.

Паводле Тамары Чобатавай, гэткае становішча склалася пры тым, што ў чэрвені ў адпачынак пайшлі ўсяго 30% настаўнікаў, астатнія ж будуць адпачываць ад ліпеня. А гэта азначае далейшы рост запазычанасьці й, адпаведна, напружанасьці ў грамадзтве.

(Чобатава: ) “Ці яны ня могуць атрымаць крэдыты, ці зусім пусты бюджэт? Хоць павінны ж ведаць кіраўнікі абласьцей – гэта ж ня раптам такое становішча склалася, гэта з году ў год. Чаму да гэтага не рыхтуюцца? Гэта ўжо пытаньне да ўладаў. У гэтым пляне парадку няма”.

Паводле Тамары Чобатавай, нявыплаты адпускных ускладняюцца для настаўнікаў яшчэ й тым фактам, што ў многіх рэгіёнах ня выдадзеныя заробкі яшчэ за травень. І гэтая запазычанасьць на сёньня складае 20 мільярдаў 363 мільёны беларускіх рублёў.