НТВ НЯ БУДЗЕ ПРАСІЦЬ ПРАБАЧЭНЬНЯ Ў БЕЛАРУСКІХ УЛАДАЎ ЗА СЮЖЭТ ПРА ПАХАВАНЬНЕ ВАСІЛЯ БЫКАВА

Валер Каліноўскі, Менск

Намесьнік генэральнага дырэктара тэлекампаніі НТВ Аляксандар Герасімаў кажа, што афіцыйная пазыцыя НТВ наконт гэтай праблемы яшчэ фармуецца, бо беларускія ўлады пакуль ніякіх зваротаў на адрас НТВ не рабілі, адбылася толькі дэпартацыя ўласнага карэспандэнта НТВ.

(Герасімаў: ) “Тое, што мы не вітаем гэтую высылку — гэта рэч неаспрэчная і відавочная, таму што так дзейнічаць у адносінах да журналіста кіраўніцтву краіны, якая прэтэндуе на нейкія дэмакратычныя лягатыпы, прынамсі не да твару. Па-другое, мы не атрымалі ніякіх паведамленьняў пра закрыцьцё нашага карпункту. Такім чынам, наш карпункт дзейнічае, у нас там ёсьць абсталяваньне і апэратар, які здольны здымаць, і мы ў прынцыпе спадзяемся, што беларускі ўрад празь некалькі дзён апамятаецца”, — сказаў намесьнік генэральнага дырэктара НТВ Аляксандар Герасімаў.

Урад Беларусі паводле прапановы Міністэрства замежных справаў разглядае пытаньне пра закрыцьцё карпункту НТВ ў Менску “да афіцыйнага прабачэньня ў эфіры” на адрас беларускага кіраўніцтва.

Адносна патрабаваньня прабачэньняў намесьнік генэральнага дырэктара НТВ Аляксандар Герасімаў зназначыў:

(Герасімаў: ) “Не, мы ня бачым неабходнасьці прасіць прабачэньня за нешта, бо, на наш погляд, Павал там увогуле добра працаваў, надзвычай аб’ектыўна і акуратна. А ў тым матэрыяле, які інкрымінуецца Паўлу, няма ўвогуле нічога. Пазыцыя Шушкевіча, якая прагучала ў рэпартажы, — гэта ягоная пазыцыя, Шушкевіч — не трактарыст з дальняга раёну. Гэта чалавек вядомы ў краіне, ён калісьці ёю кіраваў і цяпер займаецца палітыкай. Калі ва ўраду ёсьць прэтэнзіі да Шушкевіча, то гэта прэтэнзіі да Шушкевіча, а не да нас”.

Аляксандар Герасімаў запэўніў, што Павал Селін — добры журналіст і будзе працягваць працаваць у НТВ, і што тэлегледачы неўзабаве зноў пабачаць яго на экране. Пра свае найбліжэйшыя пляны Павал Селін сам распавёў “Свабодзе”:

(Селін: ) “Цяпер я сыходжу ў адпачынак на два тыдні — паеду ў Літву, давядзецца ляцець самалётам, бо туды цягнікі з Масквы ідуць празь Беларусь. Спадзяюся, што самалёт ня будуць прымусова садзіць у Менску… Пасьля адпачынку вяртаюся ў Маскву, буду тут працаваць. Пакуль у Маскве, а далей пабачым”.

Спадар Селін кажа, што ён узрушаны тым, як добра паставілася да ягоных праблемаў вышэйшае кіраўніцтва НТВ, як падтрымалі яго сябры і калегі з Беларусі:

(Селін: ) “Словы падзякі ўсім калегам, якія сваімі матэрыяламі падтрымлівалі мяне ў гэтыя нялёгкія гадзіны, усім, хто прыйшоў праводзіць мяне на вакзал, усім сябрам у Беларусі, якія былі на маім баку. Было б нашмат цяжэй бязь іх”.

Павал Селін кажа, што цяпер яго найбольш хвалюе лёс бюро НТВ у Менску. Ён спадзяецца, што беларускія ўлады ня пойдуць на далейшае абвастрэньне сытуацыі. Бачна, што расейскі бок не выказвае жаданьня такога абвастрэньня — расейская амбасада адмаўляецца ад любых камэнтароў на гэтую тэму, МЗС Расеі выступіла толькі з камэнтаром свайго афіцыйнага прадстаўніка, які выказаў “шкадаваньне з нагоды дзеяньняў беларускіх уладаў” і зазначыў, што расейскі бок чакае тлумачэньняў зь беларускага боку.

Але ніякіх тлумачэньняў зь Менску пакуль не было, — паведаміў прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных.

У беларускім урадзе кажуць, што разгляд пытаньня пра спыненьне дзейнасьці карпункту НТВ можа зацягнуцца на пэўны час.