У Міністэрстве замежных справаў Польшчы, якое займаецца акрэдытацыяй замежных карэспандэнтаў, нашаму радыё паведамілі, што выдаленьне замежнага журналіста з польскай дзяржавы за невыгодны для кагосьці матэрыял практычна немагчымае, бо дзеля гэтага няма аніякіх юрыдычных падставаў. Гаворыць адна з супрацоўніцаў Дэпартамэнту сыстэмаў інфармацыі МЗС Польшчы:
(Супрацоўніца ДСІ МЗС: ) “Каб нешта такое здарылася на тэрыторыі Польшчы, я асабіста ніколі ня чула. Нават калі б хто-небудзь з уладаў ці іншых сфэраў і хацеў, каб той ці іншы журналіст стаўся пэрсонай нон-грата, ажыцьцявіць гэта практычна немагчыма – няма такога закону. Тым больш, што цяжка ўявіць, каб нечым такім займаўся прэзыдэнт ці іншыя высокія дзяржаўныя службоўцы. Журналіст можа быць выдалены з краіны, толькі калі суд прызнае яго вінаватым у нейкім злачынстве. А калі артыкулы замежнага карэспандэнта непраўдзівыя, дык натуральна, што яго звольніць ці адкліча з Польшчы сама рэдакцыя, бо ніводная газэта ці тэлебачаньне, напэўна, не зацікаўленыя ў няякасных матэрыялах. Яшчэ раз паўтаруся, у нашай краіне няма юрыдычных падставаў, каб выдаляць замежных журналістаў за іхныя матэрыялы”.
З выпадкамі выдаленьня журналістаў ці нейкімі папярэджаньнямі з боку польскіх уладаў за зьмест сваіх артыкулаў не сутыкнуся і ўкраінскі журналіст Уладзімер Паўлаў, які часта пісаў і піша рэчы, якія маглі б не падабацца афіцыйнай Варшаве:
(Паўлаў: ) “Я працую ў Польшчы ў якасьці карэспандэнта ўкраінскіх мэдыяў ад 1998 году, і ніколі ў жыцьці мне не давялося чуць, каб з гэтай краіны выслалі нейкага журналіста, ці нейкаму замежнаму журналісту было адмоўлена у акрэдытацыі. Цягам сваёй працы ў Польшчы я напісаў шмат артыкулаў, асабліва пра няпростыя польска-ўкраінскія дачыненьні, якія маглі б ня вельмі спадабацца польскім уладам. Але ніколі ў жыцьці ніхто, ані зь Міністэрства замежных справаў, ані з адміністрацыяў прэзыдэнта ці прэм’ера не сказаў мне, што той ці іншы матэрыял ім не падабаецца ці напісаны ня так, як трэба”.
Тэарэтычна польскае МЗС можна не працягнуць замежнаму журналісту акрэдытацыю на чарговы год ці затрымаць яе выдачу, аднак, калі гэта і здараецца, дык з нагоды недакладнасьцяў у прадстаўленых карэспандэнтам паперах. Для акрэдытацыі карэспандэнту патрэбныя толькі афіцыйны ліст ад рэдакцыі і фотаздымак. За акрэдытацыю нічога ня трэба плаціць. Яна афрмляецца прыкладна цягам двух тыдняў, а працягваецца на наступны год цягам 10 хвілінаў.