КАРЭСПАНДЭНТУ НТВ ПАЎЛУ СЕЛІНУ ПАГРАЖАЕ ПАЗБАЎЛЕНЬНЕ АКРЭДЫТАЦЫІ І ДЭПАРТАЦЫЯ

Валер Каліноўскі, Менск

Уласнага карэспандэнта НТВ Паўла Селіна выклікалі ў МЗС для папярэдніх тлумачэньняў наконт трох зьвестак, якія прагучалі ў ягоным рэпартажы: аб тым, што ў жонкі Васіля Быкава Ірыны Міхайлаўны былі праблемы з прапіскай; пра тое, як улады былі вымушаныя забраць чырвона-зялёны дзяржаўны сьцяг ад труны пісьменьніка; і пра тое, як міліцыя адмыслова стварала коркі на праспэкце Скарыны і замінана пахавальнай працэсіі.

Павал Селін назваў усе крыніцы інфармацыі, у праўдзівасьці якой ён абсалютна перакананы. Што да дзеяньняў міліцыі падчас працэсіі, то тут ёсьць прынамсі дзесяць тысяч сьведкаў.

Аднак спадар Селін лічыць, што сапраўднай прычынай раздражненьня ўладаў сталіся ня гэтыя факты, а выказваньне ў інтэрвію НТВ Станіслава Шушкевіча, які на пытаньне, чаму тут няма Лукашэнкі, заявіў, што Лукашэнку “сорамна тут паказацца, асуджаць Быкава мог толькі невук, і Лукашэнка ня ўзьняўся да такога ўзроўню, каб прыйсьці й папрасіць прабачэньня ў сумленьня нацыі, хаця б тут, каля труны”.

Павал Селін лічыць, што лёс ягонай працы ў Беларусі, відаць, вырашаны. Аб гэтым сьведчыць тое, што старшыня камісіі, якая павінна была дасьледаваць факты, у той жа дзень зрабіў высновы і ўжо выказаў свае ацэнкі. Гэта спадар Селін лічыць “верхам цынізму”. Павал Селін ужо мае адно вуснае папярэджаньне за сюжэт пра тое, як пазбавілі волі былога дырэктара МТЗ М.Лявонава ды пісьмовае папярэджаньне за сюжэты пра разгон маршу “Так жыць нельга” і беларускую эміграцыю.

(Селін: ) “Я думаю, што, хутчэй за ўсё, цяпер будзе другое пісьмовае папярэджаньне, і калі вы памятаеце, то Сашу Ступнікава, першага карэспандэнта НТВ, выслалі якраз пасьля двух папярэджаньняў. Мяркую, што мне будзе тое самае. Хаця вельмі ня хочацца зьяжджаць зь Менску, я не плянаваў гэта рабіць, але, канечне, маўчаць ў сытуацыі з пахаваньнем Васіля Ўладзімеравіча Быкава таксама было б не па-журналісцку і не па-чалавечы”.

Павал Селін лічыць сьмешнымі абвінавачаньні афіцыйнага БТ, што расейскія журналісты пісалі пра сьмерць і пахаваньне Быкава пад рэжысуру Крамля. Ён упэўнены, што большасьць расейскіх журналістаў паведамляла пра дрэннае стаўленьне ўлады да Быкава, таму што разумела, што маўчаць нельга, гэта ня той выпадак.

Павал Селін з наступнага панядзелка мае двухтыднёвы адпачынак. У яго няма ні жаданьня, ні магчымасьці ўдзельнічаць у тым разьбіральніцтве, якое распачала беларуская ўлада. Кіраўніцтва НТВ падтрымлівае Паўла ў гэтай пазыцыі.

(Селін: ) “Я заплянаваў два месяцы таму адпачынак. На жаль, ня ведаў, што пахаваньне Васіля Ўладзімеравіча так адгукнецца. Мне сапраўды вельмі шкада, што мяне могуць пазбавіць акрэдытацыі і напэўна дэпартуюць з краіны. Шкада, бо адна справа — быць пазбаўленым акрэдытацыі за нейкі палітычны сюжэт, зусім іншая — за сюжэт пра пахаваньне. Гэта адзінае, з прычыны чаго мне па-чалавечы няёмка”.

Хаця разьбіральніцтва толькі пачалося, Генадзь Нявыглас ужо назваў большую частку інфармацыі ў рэпартажы Селіна “хлусьнёй”, чаму “будзе дадзеная юрыдычная ацэнка адпаведнымі органамі юстыцыі і пракуратуры”. Пры гэтым ён спаслаўся на ўдаву Быкава Ірыну Міхайлаўну, што тая нібыта выказала “абурэньне інсынуацыямі вакол ейнага імя і вакол пахаваньня”. Ірына Міхайлаўна кажа, што такога не было:

(Ірына Міхайлаўна: ) “Усё гэта ня мае да мяне ніякага дачыненьня, бо я нічога не кранала, не гаварыла, не выказвала ніякіх адносінаў. Я ведала, што інакш нельга паводзіць сябе. І так надалей мне прыйдзецца. Калі б я мела іншае прозьвішча, я б ахвотна ў гэта ўлезла, а так нічога ня выйдзе”.

Ірына Быкава кажа, што ня будзе спрачацца з Генадзем Нявыгласам, каб не прыніжацца і не прыніжаць імя Васіля Быкава.


Да матэрыялу Валера Каліноўскага варта дадаць адказ карэспандэнта НТВ Паўла Селіна на пытаньне нашага калегі Юрыя Дракахруста:

(Дракахруст: ) “У свой час беларускія ўлады казалі, што карэспандэнты расейскіх тэлеканалаў Аляксандар Ступнікаў і Павал Шарамет – беларускія грамадзяне, шчыльна зьвязаныя зь беларускай нацыяналістычнай апазыцыяй. Таму, маўляў, яны і пляжылі і паклёпнічалі на прарасейскае кіраўніцтва Беларусі. Але ж Вы, Павал, як кажуць, сапраўдны русак, і да таго, як пачалі працаваць у Беларусі, ніякім чынам не былі зьвязаныя з гэтай краінаю. Аднак, паводле беларускіх уладаў, і Вы пайшлі той жа сьцежкай. Карацей кажучы, Павал, як Вы сталі беларускім нацыяналістам?”

(Селін: ) “Добрае пытаньне. Журналісцкая аб'ектыўнасьць, разуменьне таго, як трэба рабіць сваю працу, ніяк не зьвязаныя з нацыянальнасьцю: беларус – не беларус, расеец – не расеец, я, дарэчы, у Бураціі нарадзіўся. Я ня стаў беларускім нацыяналістам, я проста раблю сваю працу. Калі б тут усё было мірна і спакойна, як у Літве, Латвіі , Эстоніі, Польшчы, Чэхіі, калі б тут не разганялі маніфэстацыі, калі б не было гэтага супрацьстаяньня, то і матэрыялы былі б адпаведныя. Але паколькі Беларусь сёньня – асаблівая краіна ў Эўропе, то і матэрыялы адлюстроўваюць гэта. Калі я распавядаў пра жалобную працэсію разьвітаньня з Васілём Ўладзімtравічам, я ня мог сказаць, што ўсё было ціха, мірна і прыгожа, ня мог сказаць, што людзям далі, як яны марылі, пранесьці сумленьне нацыі на руках па ўсім горадзе. Ну не далі ж, пра гэта і быў расповед. Як казаў Іешуа Га Ноцры ў Булгакава: "Праўду казаць лёгка і прыемна".