Урад прапанаваў, каб з 1 студзеня наступнага году грамадзяне Беларусі, якія яшчэ не набылі за прыватызацыйныя чэкі “Маёмасьць” акцыі прадпрыемстваў, ня мелі права патрабаваць ад дзяржавы кампэнсацыі. Калі б ініцыятыва ўраду была сёньня прынятая, дык уладальнікам чэкаў заставалася б альбо выкінуць іх як непатрэбную макулятуру, альбо абмяняць — на акцыі малапрывабных прадпрыемстваў.
За 9 гадоў масавай прыватызацыі ўладальнікі чэкаў праяўлялі да яе надзвычай нізкую цікавасьць. Тлумачыцца гэта тым, што акцыі найлепшых прадпрыемстваў набываць было нельга, а гадавы прыбытак звычайных прыносіў дробязны даход — 200–300 рублёў дывідэндаў. Цяпер на чорным рынку за акцыю, якая мае рэальны кошт 3300 рублёў, даюць толькі 100. Стратныя прадпрыемствы наогул ніякага прыбытку ўладальнікам акцыяў не прыносяць.
Вядомы эканаміст Леанід Злотнікаў ня бачыць пэрспэктывы і на будучыню:
(Злотнікаў: ) “Цяпер у раённых ашчадных касах ёсьць акцыі нейкай колькасьці прадпрыемстваў. Але гэтыя прадпрыемствы, як правіла, стратныя, і іхныя акцыі нічога не дадуць. І таму выбару амаль ніякага няма, бо акцыяў прадпрыемстваў, якія добра працуюць, у будучым эфэктыўных, у ашчадных касах няма. Таму так ці інакш, гэтыя чэкі будуць прападаць. Будуць яны абмененыя на акцыі стратных прадпрыемстваў ці ня будуць, усё гэта прападзе”.
Разьлічваць на грашовую кампэнсацыю, падобна, марна — прынамсі, неўзабаве. Грошай для гэтага проста няма. Але, лічыць спадар Злотнікаў, адказнасьць за гэта зь дзяржавы не здымаецца:
(Злотнікаў: ) “Калі дзяржава абяцала, яна павінна выконваць свае абяцанкі. Я мею на ўвазе, што трэба было весьці нарамальную прыватызацыю, трэба было прыватызаваць шмат прадпрыемстваў — перадусім тыя, што зьяўляюцца прыбытковымі”.
Зразумела, я ня мог не пацікавіцца: а што зрабіў са сваімі чэкамі мой суразмоўца?
(Злотнікаў: ) “Ляжаць гэтыя чэкі, іх у мяне каля ста, у маёй шафе. І я ведаю, што ад гэтых чэкаў, ад гэтых акцыяў я шмат прыбытку мець ня буду”.