З самай раніцы да магілы Васіля Быкава на Ўсходніх могілках Менску ішлі дзясяткі людзей, некаторыя адпрошваліся з працы, прыяжджалі сем’ямі, зь дзецьмі, як Уладзімер Хаданкоў, які быў тут з трыма дочкамі.
(Хаданкоў: ) “Мы прыехалі з Воршы адмыслова для таго, каб аддаць даніну павагі нашаму сумленьню нацыі. Васіль Быкаў — гэта тое, што ў нас было, такіх людзей адзінкі. Гэта найлепшае, што было ў нацыі. Калі Расея славілася сваім Салжаніцыным, то мы — сваім Быкавым. Адзінае, што мяне абурае, што адносіны ўлады нават і ў гэтым выпадку — зьдзек. Нават тут, над памяцьцю ягонай. Гэтае выпячваньне вось гэтага…”
Уладзімер Хаданкоў паказаў пры гэтым на чырвона-зялёны вянок ад кіраўніка дзяржавы, які быў адмыслова прыстаўлены да магілы Васіля Быкава на самым бачным месцы, з надпісам на стужцы “Президент Республики Беларусь А.Г.Лукашенко”.
Дырэктар Усходніх могілак асабіста кантраляваў, каб вянок ад А.Лукашэнкі не закладвалі кветкамі. Побач з афіцыйным вянком прызнаньне народнай любові — вялікі букет розных палявых кветак у трохлітровым слоіку ды запаленыя сьвечкі.
(Бірыла: ) “Я не магла прыйсьці ўчора, кепска мне было. Быкаў — душа беларускага народу, сьветач нашай культуры. Гэта наш Дастаеўскі, хоць Дастаеўскі быў беларусам… Быкаў — гэта глыбіня. Я ўсе дні не магу прыйсьці ў сябе”, — сказала жыхарка Менску Эмілія Бірыла, удава акадэміка Мікалая Бірылы, які пахаваны побач з Быкавым.
Пакуль начальнік управы Міністэрства культуры Беларусі Тадэвуш Стружэцкі ня змог паведаміць, які плян дзяржаўнага ўшанаваньня памяці Васіля Быкава. Не было яшчэ паседжаньня дзяржаўнай камісіі, не паступілі прапановы ад урадавых і грамадзкіх структур, але спадар Стружэцкі кажа, што такое ўшанаваньне адбудзецца.
(Стружэцкі: ) “Думаю, што ў любым выпадку, канечне, будуць уносіцца прапановы і на ўрадавым узроўні, таму што імя таго заслугоўвае”.
Тым часам у Саюзе пісьменьнікаў сёньня разглядаліся прапановы аб увекавечваньні памяці Васіля Быкава, якія да канца тыдня будуць перададзеныя ва ўрад. Як зазначыў старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч, размова ідзе аб паўнамаштабным увекавечаньні імя Васіля Быкава:
(Пашкевіч: ) “Тут казённа, бюракратычна і па завядзёнцы: вуліца, музэй, школа, унівэрсытэт імя народнага пісьменніка. І найперш, канечне, выданьне збору твораў”.
Алесь Пашкевіч кажа, што пісьменьнікі хочуць прапанаваць усталяваць помнікі Васілю Быкаву ў Менску і на ягонай радзіме, прывесьці ў парадак хату, дзе нарадзіўся пісьменьнік ў вёсцы Бычкі на Ўшаччыне. Ужо сёлета выдавецтва “Мастацкая літаратура” зьбіраецца выпусьціць першыя два тамы збору твораў Васіля Быкава, сродкі на гэта ёсьць.
Алесь Пашкевіч кажа, што будзе таксама створаная грамадзкая камісія ў справе захаваньня спадчыны Васіля Быкава. Галоўную ролю ў ёй будзе мець пісьменьнікава ўдава Ірына Міхайлаўна.