“ПЕРАКЛАДАЦЬ ЯГО АПОВЕСЬЦІ БЫЛО ПАКУТАЮ І ШЧАСЬЦЕМ АДНАЧАСНА”

Ул. інф.

(Алена Корці: ) “У панядзелак мне тэлефануе мой муж і кажа, што ў Менску памёр Васіль Быкаў. Я маўчу, у мяне замерла сэрца. Я толькі збіралася яму тэлефанаваць, у мяне, відаць, было прадчуваньне. Я не люблю нэкралёгі, ня буду казаць пра вялікага пісьменьніка, якім радзіма ганарыцца. Шмат тых, хто можа сказаць гэта нашмат лепш за мяне. Я хачу сказаць пра чалавека. Мы з Васілём пазнаёміліся ў сьнежні 1999 году ў Фінляндыі, правялі разам некалькі гадзінаў, выбралі аповесьці для італьянскіх выдавецтваў. Гэта была незабыўная размова. Яго міраўспрыняцьцё, ягоная мудрасьць, яго суровы, але спагадлівы погляд на сьвет чалавецтва мяне моцна ўражвае. Мы сталі сябрамі. Калі ў Італіі выйшлі перакладзеныя мной яго аповесьці, мы зь ім і зь ягонай жонкай Ірынаю правялі на запрашэньне выдаўца некалькі дзён у Мілане і ў Рыме. Хаця мы былі там па працы, ён выступаў, а я яго перакладала, час ад часу мы хадзілі па гораду, калі стамляліся, сядзелі ў кавярні. Я наноў адкрыла для сябе Мілан і Рым праз яго і Ірыніны неверагодна маладыя, зачараваныя вочы. А потым мы яшчэ сустракаліся ў Празе, вячэралі ў нашым доме.

Адыходзяць сябры, адышоў і Васіль. Не, ён не адышоў, ён жывы, ён жыве ў маім сэрцы, у маёй памяці, і ў памяці і ў сэрцы усіх, хто чытаў, чытае і будзе чытаць яго выбітныя творы.

Перакладаць яго аповесьці было для мяне пакутаю і шчасьцем адначасна. Перад высокай літаратураю перакладчык заўсёды дрыжыць. Але перш за ўсё гэта было духоўнае ўзбагачэньне, за якое я яму назаўжды ўдзячная”.