Заўтра чакаецца прыезд усіх амбасадараў, сяброў Быкава з розных краінаў. Аднак афіцыйны сьпіс выступоўцаў, які вызначае кіраўнік дзяржкамісіі міністр культуры Гуляка, рэзка абмежаваны, каля 10 чалавек. Сярод іх – два кіраўнікі вэртыкалі. Невядома, ці будуць улічаныя просьбы жонкі нябожчыка Ірыны Міхайлаўны даць слова сябрам сям’і Быкава. Я прывез з сабой з Прагі запіс голасу пісьменьніка, які меркавалася прайграць на магнітафоне ў залі падчас разьвітаньня – аднак няма пэўнасьці, невядома, ці прагучыць голас Быкава заўтра ў Доме літаратара.
У Доме літаратара тым часам працягваецца напружанае абмеркаваньне заўтрашняга дня. Там знаходзіліся Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Уладзімер Арлоў, Міхась Скобла, Анатоль Кудравец, Уладзімер Някляеў, Андрэй Дынько, Алесь Бяляцкі, а таксама Вінцук Вячорка і іншыя вядомыя асобы. Адсутнасьць сувязі з кіраўніком дзяржкамісіі пакідала без адказу амаль усе пытаньні. Невядома, ці будзе на сцэне бел-чырвона-белы сьцяг, улады таксама не дазваляюць пранесьці труну зь целам Быкава па праспэкту Скарыны – пакуль гаворка ідзе толькі пра невялікі адрэзак да вуліцы Захарава. Таксама няясна, ці змогуць сябры Быкава несьці труну, ці гэта будуць рабіць толькі вайскоўцы. У сакрэце трымаецца афіцыйны спіс запрошаных на разьвітальны абед.
Настрой пісьменьніцкай граімадзскасьці трывожны.
Сёньня па абедзе, калі я адведаў кватэру пісьменьніка, тэлефон званіў не пераставаючы. Удава, Ірына Міхайлаўна, атрымлівала спачуваньні, званілі журналісты, у кватэры раскладзеныя выпускі газэт з публікацыямі памяці пісьменьніка. Забіраць заўтра раніцай цела нябожчыка будзе сын Сяргей. Васіль Быкаў будзе пахаваны ў смокінгу, у якім ён атрымліваў прэмію “Трыюмф” ў 1999 годзе. Паводле ўдавы, тады Быкаў сказаў, што на цырымонію апрануў яго першы раз, а другі раз будзе ўжо на пахаваньне. Да лацкана смокінга я прымацаваў бел-чырвона-белы значок.