ЭДУАРД МАЛАФЕЕЎ ПАЙШОЎ З ПАСАДЫ ГАЛОЎНАГА ТРЭНЭРА НАЦЫЯНАЛЬНАЙ КАМАНДЫ БЕЛАРУСІ

Уладзімер Глод, Менск

У сваёй заяве Эдуард Малафееў прычыну сыходу сфармуляваў коратка і ясна — з прычыны невыкананьня пастаўленай задачы. Мэта ж была вывесьці каманду Беларусі ў фінальную частку першынства Эўропы, якая пройдзе ў наступным годзе ў Партугаліі. Для гэтага трэба было перамагаць у сваёй кваліфікацыйнай групе. Альбо, у горшым выпадку, “чапляцца” тут за другое месца. Аднак пасьля дзьвюх буйных паразаў ад галяндцаў і аўстрыйцаў ніякіх шанцаў дамагчыся пастаўленай мэты ўжо няма.

Сам Эдуард Малафееў на паседжаньне выканкаму не зьявіўся. Дзіўна, але ніхто не пацікавіўся, чаму ён адсутнічае. У перапынку для мяне асабіста, а значыць і для слухачоў нашага радыё, сытуацыю патлумачыў начальнік нацыянальнай каманды Леанід Гарай. Увечары ў панядзелак Малафееў зьехаў на Радзіму — у Каломну ў Расеі. Жонка і дзеці засталіся ў Менску, ды і ён вернецца празь нейкі час. “Эдуард Васільевіч чалавек надзвычай эмацыйны, яму сорамна хадзіць па Менску пасьля такой бязвольнай гульні ў Аўстрыі”, — сказаў спадар Гарай.

Менавіта начальніку каманды давялося замест Малафеева, дакладаць пра прычыны няўдачы. Паводле Леаніда Гарая, у нацыянальнай зборнай шмат гульцоў, якім ужо за 30. Да таго ж значная частка зь іх сёлета знаходзіцца ў рэзэрве тых замежных клюбаў, дзе яны выступаюць. Таму, лічыць начальнік каманды, “гэты склад можа дамагчыся посьпеху толькі коштам вялізарнай самааддачы і шалёнага настрою”. Але ж такое можа адбыцца раз-два, ня болей.

Пераемніка Малафеева сёньня не прызначылі. Дзяржаўны сакратар Савету Бясьпекі Беларусі Генадзь Нявыглас, які вёў паседжаньне, сказаў, што ёсьць тры варыянты замены: знайсьці настаўніка сярод беларускіх трэнэраў, запрасіць адмыслоўца з блізкага ці нават дальняга замежжа. Выканкам стварыў адмысловую камісію на чале зь першым намесьнікам старшыні Беларускай фэдэрацыі футболу Міхаілам Вергяенкам, якая павінна прааналізаваць сытуацыю і ўнесьці канкрэтныя прапановы на гэты конт.

Заслужаны трэнэр Беларусі Леанід Гарай лічыць, што цяперашні склад нацыянальнай камнады мусіць быць разбаўлены моладзьдзю:

(Гарай: ) “Патрэбна вельмі гнутка ўліць туды таленавітую моладзь. Яе пакуль ня вельмі многа, хаця растуць хлопчыкі, такія як Глеб, Кутузаў, Коўба… Чалавекі чатыры-пяць ужо трэба ўліваць у асноўны склад і будаваць каманду будучыні”.