Мой першы рэпартаж на “Свабодзе” быў прысьвечаны Васілю Быкаву. Гэта было тры гады таму прыблізна ў гэткі ж летні час. У Менску знаходзілася вялікая дэлегацыя літаратараў эўрапейскіх краінаў. У часе афіцыйнай цырымоніі нямецкі літаратуразнаўца сярод іншага гаварыў пра тое, які гэта вялікі гонар для Нямеччыны, што там жыве й працуе беларускі пісьменьнік Васіль Быкаў. А перакладчыца, якую прызначылі працаваць з дэлегацыяй, пераклала ўсю ягоную прамову, апроч словаў пра Быкава. Празь некалькі гадзінаў у Вязынцы, а тады было Купальле, латыскі паэт Марыс Чаклайс са сцэны выказаў абурэньне гэтым фактам, а потым ў інтэрвію для радыё “Свабода” казаў пра тое, як ганебна, што геніальны беларускі пісьменьнік вымушаны жыць у выгнаньні... Гэта быў мой першы рэпартаж на “Свабодзе”...
Праз два с паловай гады, калі ў менскім Палацы Мастацтваў адбывалася прэзэнтацыя кнігі “Дарога праз Курапаты”, Васіль Быкаў у жывым эфіры радыё “Свабода” зьвярнуўся да прысутных у залі абаронцаў. Ён дзякаваў моладзі за тое, што яны зьбераглі Курапаты цягам завейных месяцаў, празь сьцюжу і тэрор праваразбуральных ды іншых “органаў”. “Вы абаранілі, можа, самы жахлівы краёчак нашай гісторыі – памяць пра зло і крывавае злачынства, што чыніліся супраць нацыі”, — казаў Быкаў. Празь нейкі час нямецкі дыплямат, які прысутнічаў на прэзэнтацыі кнігі “Дарога праз Курапаты”, запытаў мяне са здзіўленьнем: “Як гэта радыё “Свабода” дамаглося, што ў цэнтральным палацы Менску гучна й вольна гучала слова Васіля Быкава? Як гэта дазволілі беларускія ўлады?..”
Слова Васіля Быкава заўсёды гучала ў Курапатах. Яго там слухалі па нашым радыё і заўсёды чыталі. “Сцяна”, “Кар’ер” ды іншыя творы Быкава былі ў бібліятэчцы абаронцаў Курапатаў. На Дзяды, знаходзячыся ў далёкай Нямеччыне, Васіль Быкаў казаў у эфіры “Свабоды”, што ён вельмі хацеў бы далучыцца да тых, хто паставіць сьвечкі ў Курапатах... А цяпер абаронцы Курапатаў запаляць сьвечкі па Васілю Быкаву...