ЯКОЕ ЗНАЧЭНЬНЕ ДЛЯ ВАС МАЕ ТВОРЧАСЬЦЬ ВАСІЛЯ БЫКАВА?

Галіна Абакунчык, Менск

На той момант, калі вялася гаворка, некаторыя мінакі яшчэ ня ведалі, што Васіль Быкаў пайшоў з жыцьця. Бальшыня ж, аднак, дазналіся пра трагічную падзею і былі вельмі ўражаныя гэтай навіной.

(Спадар: ) “Што Васіль Быкаў памёр, я ня ведаў. Вы мяне проста ўразілі. Я ведаў, што ён за мяжой, што, на жаль, яму не знайшлося месца на радзіме, бо такая ўлада. Але ж я нават не ўяўляў, што гэты чалавек можа памерці. Бо для мяне гэта, ведаеце, чалавек, які жыў учора, жыве сёньня і заўтра будзе жыць. Гэта як векавы дуб у лесе, паўзь які немагчыма прайсьці й не заўважыць”.

(Спадарыня: ) “Паколькі я прыкладна таго ж узросту, перажыла вайну, то я, натуральна, вельмі люблю ягоныя творы і няблага іх ведаю. Народ яго любіць, шануе, і вельмі цяжка ад таго, што ён доўгі час правёў не ў Беларусі. Шкада, вельмі шкада”.

(Спадар: ) “Калі я ўпершыню чытаў ягоныя творы, то для мяне гэта было адкрыцьцём эмацыйнай і інфармацыйнай плыні пра вайну. Гэта вялікі літаратар, гонар нашай літаратуры, гонар нашай нацыі, хоць многія чыноўнікі, у тым ліку і пісьменьнікі, ставяцца да яго варожа. Але ягонае значэньне як грамадзяніна, як носьбіта ідэі застанецца назаўсёды”.

(Спадарыня: ) “Я яго люблю, шаную і вельмі шкадую, што ён пайшоў з жыцьця. Гэта сумленьне нацыі. І тое, што апошнімі гадамі ён тут ня жыў, вельмі шкада. Я думаю, што Васіль Быкаў, як і Алесь Адамовіч, на доўгія-доўгія гады будзе заставацца для ўсёй беларускай нацыі гонарам. Яго будуць шанаваць, любіць, чытаць, а галоўнае — памятаць”.

Адказы на пытаньне пра значэньне асобы Васіля Быкава ў іхным жыцьці былі розныя ў залежнасьці ад веку маіх суразмоўцаў: моладзь больш гаварыла аб прафэсіяналізьме і сусьветнай вядомасьці пісьменьніка, а людзі сталага веку пра Быкава-чалавека, патрыёта і змагара за свабоду.

(Спадар: ) “Для мяне Васіль Быкаў — гэта пласт беларускай культуры, гэта ягоныя творы, якія былі прызнаныя ня толькі ў Беларусі, але і далёка за мяжой. Я лічу, што нашае грамадзтва страціла вялікага чалавека ў пляне культуры”.

(Спадар: ) “Для мяне Васіль Быкаў — вялікая асоба ў гісторыі сучаснай Беларусі. Я ведаю ягоныя творы са школьнай парты. Гэта глыба вялікая — як чалавек, так і прафэсіянал”.

(Спадар: ) “Мне было прыемна даведацца, што пра вайну можна было пісаць так праўдзіва і так страшна. А пасьля мне было вельмі прыемна сачыць за ягонай актыўнай палітычнай дзейнасьцю ў жыцьці беларускага народу. Гэта чалавек, які не паклаўся пад дырэктывы і не маўчаў, як гэта здараецца з большасьцю беларускіх пісьменьнікаў”.

(Спадарыня: ) “Незваротная страта, якая нагадвае мне сьмерць Сахарава — гэткія самыя пачуцьці. Ён першым сказаў праўду пра вайну. Ну й, канечне ж, ягоная прынцыповая пазыцыя. У нашай краіне ён быў сярод нямногіх, хто адстойвалі гэтую пазыцыю, не зважаючы ні на што. Думаю, што разьвітаньне з радзімай для яго было вельмі цяжкім, але ж ён і на гэта пайшоў”.

(Спадар: ) “У жыцьці я зь ім сутыкаўся вельмі часта, бо я мастак і меў майстэрню ў пад’езьдзе, у якім ён жыў. І калі хацелася спрабаваць саступіць яму дарогу — ён усё роўна рабіў гэта першы. Гэта шмат гаворыць пра сутнасьць чалавека”.

(Спадар: ) “Вельмі добры чалавек, якога ведаюць усе людзі. Які змагаўся за свабоду нашай радзімы Беларусі, за нашую свабоду”.

Некаторыя сярод апытаных мінакоў не маглі ўзгадаць назвы нават вельмі вядомых твораў пісьменьніка, але ніводзін чалавек не сказаў, што ня ведае, хто такі Васіль Быкаў.