ЗАМЕЖНЫЯ IНВЭСТЫЦЫI ЛУКАШЭНКУ ПАЛОХАЮЦЬ

Алег Супрунюк, Берасьце

Нагодай для вiзыту Аляксандра Лукашэнкi ў Берасьце стаўся сэмiнар кiраўнiкоў вэртыкалi, прысьвечаны праблеме прыцягненьня iнвэстыцыяў. Сэмiнар працягнецца два днi, а ўдзел у iм бяруць амаль 600 чалавек з усёй Беларусi. Падчас адкрыцьця гэтага мерапрыемства Аляксандар Лукашэнка заявiў, што прыцягненьне замежнага капiталу ёсьць адным з галоўных кiрункаў дзяржаўнай iнвэстыцыйнай палiтыкi. Сёлета Беларусь плянуе прыцягнуць iнвэстыцыяў з-за мяжы больш за 1 мiльярд амэрыканскiх даляраў.

Аднак Лукашэнка чарговы раз заявiў, што беларускiя прадпрыемствы ня будуць прададзеныя iнвэстарам па нiзкiх коштах, а таксама паводле ўмоваў, якiя не задавальняюць кiраўнiцтва краiны.

(Лукашэнка: ) “Ёсьць такiя iнвэстыцыi, што калi ты iх прыцягваеш, бярэш — адразу трапляеш у кабалу”.

Паводле словаў Аляксандра Лукашэнкi, неўзабаве будзе рэвiзiя ўсiх створаных у Беларусi свабодных эканамiчных зонаў. Лукашэнка не задаволены тым, што прадпрыемствы, якiя працуюць на гэтых тэрыторыях, замест экспарту сваёй прадукцыi гандлююць ёю на айчынным рынку.

Свой сёньняшнi ўдзел у сэмiнары Аляксандар Лукашэнка абмежаваў уступнай прамовай, пасьля чаго накiраваўся аглядаць Берасьцейскую крэпасьць. Дарэчы, гэты мэмарыял таксама патрабуе iнвэстыцыяў: паводле самых сьцiплых падлiкаў, на рэканструкцыю крэпасьцi трэба ня менш за 2 мiльёны даляраў. Сродкi прыйдзецца шукаць у Беларусi, бо ўсе краiны СНД фактычна спынiлi фiнансаваньне мэмарыялу, а грошай з так званага саюзнага бюдджэту хапае толькi на ўпарадкаваньне тэрыторыi.

Варта дадаць, што некалькi тыдняў таму распачаўся скандал, зьвязаны з гэтым мэмарыялам часу другой сусьветнай вайны. Мясцовая падатковая iнспэкцыя вырашыла спагнаць з адмiнiстрацыi мэмарыялу зямельны падатак — больш за 70 мiльёнаў рублёў. Абураныя вэтэраны тады зьвярнулiся да Лукашэнкi, каб той сваiм рашэньнем назаўсёды вызвалiў Берасьцейскую крэпасьць ад падаткаў. Такое рашэньне неўзабаве будзе прынятае.