У КАНГРЭСЕ ЗША ПРАЙШОЎ ДЗЕНЬ БЕЛАРУСІ

Алеся Сёмуха, Вашынгтон

Самая ідэя арганізацыі дня Беларусі ў Кангрэсе ЗША дзеля лабіраваньня прыняцьця Акту Аб Дэмакратыі ў Беларусі нарадзілася падчас сустрэчы Зянона Пазьняка і беларусаў з штату Агаё зь мясцовым кангрэсмэнам Стывэнам Латарэтам. Кангрэсмэн нават прапанаваў дапамогу сваіх супрацоўнікаў у гэтай справе. У выніку беларускія арганізацыі мабілізавалі прадстаўнікоў ад трох штатаў з найбольшай канцэнтрацыяй беларусаў – Нью-Ёрку, Нью-Джэрзі ды Агаё – і прыехалі ў Вашынгтон з праграмай сустрэчаў і мэмарандумам. Дэлегацыя ад беларускіх арганізацый складалася з 11 чалавек. Сярод іх былі Вячка Станкевіч, Вітаўт Кіпель, Віталь Зайка, Юрка Азарка, Зянон Пазьняк, Васіль Мельяновіч ды іншыя.

Кожнаму прадстаўніку быў перададзены праект Мэмарандуму, які закранаў два асноўныя аспэкты дапамогі разьвіцьцю дэмакратыі ў Беларусі: 1) дапамога беларускім нацыянальным апазыцыйным сілам, незалежным мас-мэдыям і недзяржаўным структурам і 2) засьцярога перад пасярэдніцтвам Расеі ў беларускіх сувэрэнных справах.

Канкрэтныя вынікі сустрэчаў з кангрэсмэнамі я папрасіла пракамэнтаваць старшыню Нью-Ёркскага аддзелу Беларуска-Амэрыканскага задзіночаньня Віталя Зайку: “Усе кангрэсмэны, з кім былі сустрэчы, выказалі зацікаўленасьць у тым, каб усталяваць дэмакратыю ў Беларусі, узмацніць незалежнасьць. Яны заявілі, што калі будзе галасаваньне пра “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” ў Кангрэсе, яны будуць галасаваць за гэты законапраект, каб ён зрабіўся законам. Вось гэта – асноўная мэта беларускай грамады. Гэта толькі пачатак. Мы правядзем яшчэ шэраг такіх акцыяў, абыдзем іншых кангрэсмэнаў, якія яшчэ не далучыліся да падтрымкі “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі” і будзем падтрымліваць кантакты з кангрэсмэнамі, зь якімі мы цяпер навязалі сувязь”.

Віталь Зайка таксама сказаў, што беларускія арганізацыі плянуюць на бліжэйшую будучыню падобныя сустрэчы ў Сэнаце ЗША.