ПАЗОЎ “БДГ” ДА МІНІСТЭРСТВА ІНФАРМАЦЫІ АДХІЛЕНЫ

Юры Сьвірко, Менск

Першы судовы працэс, ініцыяваны прыпыненай “Белорусской деловой газетой”, пачаўся ў будынку Вышэйшага гаспадарчага суду даволі незвычайна: адзіную ў залі паседжаньня тэлекамэру прымусілі вынесьці яшчэ да пачатку працэсу. Судзьдзя Караткевіч пагражала ўвогуле не пачынаць паседжаньне, калі тэлекамэра застанецца.

Але суд усё ж адбыўся. Юрыст, які прадстаўляў “БДГ”, Сяргей Пратасавіцкі ў сваім выступе зазначыў, што папярэджаньне Мінінфарму за публікацыю “Барскі імідж” ня мае падставаў, бо газэта Закон аб друку не парушыла. Хаця выданьню інкрымінавалі распаўсюд зьвестак, якія зьневажаюць Аляксандра Лукашэнку, а менавіта — інфармацыі пра тое, што ён аддаў свой самалёт міс Расеі Сьвятлане Каралёвай для вяртаньня зь Менску ў Маскву.

Спадар Пратасавіцкі працытаваў у судзе артыкул “Барскі імідж”: “Аляксандар Рыгоравіч прапанаваў ёй пераначаваць у беларускай сталіцы, а раніцай “махнуць” у Маскву на прэзыдэнцкім самалёце”. У гэтым артыкуле не было зьвестак пра тое, што спадарыня Каралёва сапраўды паляцела ў Маскву на Лукашэнкавым самалёце, таму юрыст “БДГ” зазначыў, што ў публікацыі згадалі толькі прапанову, а ня факт пералёту, як сьцьвярджае Міністэрства інфармацыі.

Спадар Пратасавіцкі дадаў, што Сьвятлана Каралёва распавяла пра гэтую прапанову Аляксандра Лукашэнкі ў інтэрвію газэце “Мэгаполіс-экспрэс” за 7 красавіка і падаў цытату: “Справа ў тым, што мы ўвечары мусілі накіравацца ў Маскву на цягніку, але ён сказаў: які цягнік — заўтра раніцай паляціце на маім асабістым самалёце”.

А юрыст Міністэрства інфармацыі Аляксей Лухверчык заявіў у судзе:

(Лухверчык: ) “Міністэрства інфармацыі будавала сваю пазыцыю ў гэтым папярэджаньні на адэкватнасьці ўспрыняцьця інфармацыі, пададзенай у газэце. У прыватнасьці, у “Барскім іміджы” ня толькі гаворыцца, што ён прапанаваў, але й маецца на ўвазе, падаецца ў апытаньні “гэты выпадак”. Так бы мовіць, выпадак выкарыстаньня самалёту або выпадак усё ж прапановы? У гэтым выпадку мы расцанілі як выпадак выкарыстаньня самалёту”.

Нягледзячы на гэтыя ваганьні ў разважаньнях юрыста Мінінфарму, прысуд Кацярыны Караткевіч быў кароткі й адназначны:

(Караткевіч: ) “У пазове выдавецкаму прыватнаму прадпрыемству “Марат” аб прызнаньні несапраўдным папярэджаньня ад 20 траўня 2003 году №20 адмовіць”.

Гэтае рашэньне пракамэнтаваў уладальнік “БДГ” — кіраўнік выдавецкага прадпрыемства “Марат” Пётар Марцаў:

(Марцаў: ) “Пасьлязаўтра будзе другі суд. Рашэньне гэтага суду было прадказальным. Я думаю, што і другога таксама. Складана камэнтаваць — вы самі ўсё чулі, тут хутчэй за ўсё правам і ня пахне. Гэта нейкае палітычнае рашэньне”.

(Карэспандэнт: ) “Ці друкуецца чарговы нумар газэты?”

(Марцаў: ) “Так, чарговы нумар друкуецца. Цяпер ужо ў друкарні нумар правярае ФСБ — гэта ўжо нібы супольная атрымліваецца акцыя спэцслужбаў. Пакуль у нас няма інфармацыі пра тое, што нумар ня будзе друкавацца. Затое ёсьць інфармацыя, што будзе гэтаксама спроба канфіскацыі”.

Спадар Марцаў удакладніў, што яму патэлефанавалі з друкарні ў Смаленску, якая друкуе чарговы нумар “Предпринимательской газеты” з матэрыяламі “БДГ”, і паведамілі, што гэты нумар праглядае Фэдэральная служба бясьпекі Расеі.