УКРАІНСКІ ПРЭМ’ЕР ПРЫЕХАЎ НАВЕДАЦЬ РАДЗІМУ ПРОДКАЎ

Валер Каліноўскі, Менск

Віктар Януковіч перад візытам заявіў, што на парадку дня ягоных перамоваў зь беларускім прэм’ерам Генадзем Навіцкім і Аляксандрам Лукашэнкам ня будзе вострых пытаньняў, а будуць “звычайныя, будзённыя тэмы”. Аднак у беларуска-ўкраінскіх дачыненьнях застаецца некалькі нявырашаных вострых праблемаў, і іх не ўдалося абысьці.

Па-першае, антыдэмпінгавыя ды іншыя абмежавальныя захады Ўкраіны супраць шэрагу беларускіх таваравытворцаў. Па-другое, урэгуляваньне праблемы доўгу ўкраінскіх прадпрыемстваў беларускім, што склаўся ў 1992 годзе: беларускі бок ацэньваў яго раней на 220 мільёнаў даляраў, а цяпер — каля 100 мільёнаў даляраў, украінскі ж ня згодны і з гэтым, ацэньвае доўг на 50 мільёнаў даляраў. Пры гэтым Украіна адмаўляецца прызнаваць гэтую запазычанасьць дзяржаўнай. І па-трэцяе, Беларусь адмаўляецца ратыфікаваць дамову пра мяжу з Украінай, пакуль не атрымае гэтых грошай.

Ніводная з гэтых праблемаў не была вырашаная сёньня, нягледзячы на папярэднія інтэнсіўныя перамовы. Хаця пры гэтым прэм’еры паабяцалі зьняць бар’еры, што перашкаджаюць руху тавараў праз супольную мяжу. Па сутнасьці пытаньня аб украінскай запазычанасьці 1992 году Генадзь Навіцкі заявіў пасьля перамоваў:

(Навіцкі: ) “Мы дамовіліся, што апошнія прапановы ўкраінскага боку і беларускага боку будуць ўважліва разгледжаныя на ўзроўні экспэртаў банкаў і міністэрстваў фінансаў, і на бліжэйшай сустрэчы нашых рабочых групаў паспрабуем знайсьці на аснове гэтых прапановаў узаемапрымальнае рашэньне”.

Віктар Януковіч пагадзіўся з такім падыходам, але абодва яны ня выкрылі сутнасьці прапановаў.

(Януковіч: ) “Я ўмоўна магу сказаць: ёсьць прапанова беларускага боку, ёсьць прапанова ўкраінскага боку. І мяркую, што недзе пасярэдзіне ёсьць рашэньне”, — адзначыў украінскі прэм’ер. Цяпер усе спадзяваньні на сумесную камісію ў справе гандлёва-эканаімічнага супрацоўніцтва.

Найбольшы прагрэс чакаецца толькі ў пытаньні ўвядзеньня льготнага рэжыму перасячэньня беларуска-ўкраінскай мяжы для замежных пастаўцоў і будаўнікоў, якія ўдзельнічаюць у праекце закрыцьця ЧАЭС. Віктар Януковіч кажа, што для гэтага патрэбнае свабоднае перамяшэчньне, пры гэтым Украіна паабяцала вярнуць Беларусі ўсе страты адпаведных мытных выплатаў.

Віктар Януковіч працуе прэм’ерам каля паўгоду. Афіцыйны Кіеў бачыць яго пераемнікам Леаніда Кучмы на прэзыдэнцкіх выбарах у наступным годзе, нягледзячы на тое, што ён мае дзьве пагашаныя судзімасьці.

На заўтра заплянаваны візыт Віктара Януковіча ў вёску Янукі Докшыцкага раёну, адкуль паходзіць ягоны дзед Уладзімер. Каталіцкая вёска Янукі разьмешчаная ў Заходняй Беларусі. У савецкі час яе залічылі да “непэрспэктыўных”, і большасьць насельніцтва выехала зь яе. Сёньня там жыве толькі шэсьць чалавек, усе маюць прозьвішча Януковіч. Беларускія ўлады так і не знайшлі ў Януках магіл продкаў украінскага прэм’ера, затое месца, дзе была хата ягонага дзеда, людзі памятаюць.

У аўторак жыхары Янукоў чакаюць высокага госьця з Украіны і падрыхтавалі яму пачастунак: дранікі, калдуны, журавіны.