УЛАДЫ ПРАЦЯГВАЮЦЬ ПЕРАСЬЛЕД “БДГ”, КАНФІСКОЎВАЮЧЫ ТЫСЯЧЫ АСОБНІКАЎ ГАЗЭТЫ

Юры Сьвірко, Менск

Штодня кіраўніцтва “Белорусской деловой газеты” даведваецца пра новыя непрыемнасьці. Пасьля начнога затрыманьня ўсяго накладу надрукаванай у Смаленску “Предпринимательской газеты”, а потым раптоўнай канфіскацыі яго дзясятай часткі, прыйшлі навіны зь менскага паштовага аддзяленьня №60 на вуліцы Вакзальнай. Зь ім была падпісаная дамова на рэклямнае распаўсюджваньне газэты, але замест гэтага адбылася новая канфіскацыя — гэтым разам ужо пятай часткі агульнага накладу 15 тысячаў асобнікаў. Усе канфіскацыі адбываюцца на невядомых падставах, зазначыў дырэктар прадпрыемства “Марат”, якое выдае “БДГ”, Пётар Марцаў.

(Марцаў: ) “На сёньняшні дзень наўпроставых абвінавачаньняў або наўпроставых дакумэнтаў на адрас прадпрыемства няма. Ускосная інфармацыя — пра тое, што гэтым нібыта займаліся супрацоўнікі УУС Менаблвыканкаму, якія рабілі канфіскацыю на вуліцы Інтэрнацыянальнай у аддзеле продажаў. Там сканфіскавана 1600 асобнікаў, акт канфіскацыі складзены, але ў акце не напісана, на падставе чаго. На паштовай чыгуначнай службе гэтым займаліся зноў жа нібыта супрацоўнікі Кастрычніцкага РУУС — крымінальны вышук. Там сканфіскавана 3 тысячы асобнікаў”.

Спадар Марцаў дадаў, што на пошце падчас канфіскацыі нават акту міліцыянты ня склалі. Прадпрыемства “Марат” падрыхтавала скаргі ў Менскую абласную ўправу ўнутраных справаў і пракуратуру Беларусі. Паводле юрыстаў фірмы “Марат”, на падставе 16-га артыкулу закону аб міліцыі без дакумэнтаў пра незаконнасьць нейкай друкаванай прадукцыі можна канфіскоўваць толькі яе ўзор, але ня ўвесь наклад. Пётар Марцаў заявіў:

(Марцаў: ) “Мы зараз, як і ўсе, задавальняемся нейкімі чуткамі або нейкай ускоснай інфармацыяй”.

Але спадар Марцаў не губляе аптымізму й спадзяецца на падтрымку калегаў:

(Марцаў: ) “Газэтаў у Беларусі шмат, якія не выходзяць, — можам выдаваць там усе 200”.

Выдавец “БДГ” дадаў, аднак, што ў пятніцу ўвечары адбудзецца падпісаньне акту праверкі Камітэтам дзяржаўнага кантролю рэдакцыі газэты “Салідарнасць”, якая першай прыйшла на дапамогу “Белорусской деловой газете”.