НА ДОШКУ ПАШАНЫ — НА КАМЭРЦЫЙНАЙ АСНОВЕ

Ігар Карней, Менск

За савецкім часам дошка гонару зьяўлялася абавязковым атрыбутам ня тое што плошчы Леніна ў кожным раённым цэнтры, але нават больш-менш прыстойнай калгаснай фэрмы. Яшчэ зь дзяцінства памятаю ўражаньне: з-за цыраты (нават не з-за шкла) пазіраюць папсаваныя мухамі перадавікі ручной дойкі. Калі Саюз разваліўся, на дошцы гонару ў нашым калгасе на Смаргоншчыне пачалі вывешваць кінаафішу; пасьля яе аблюбавалі мясцовыя графіці, а ўрэшце пусьцілі “мэмарыял” пад бульдозэр.

Тое, што зноў могуць аднавіць дошкі гонару, прынамсі, у калгасах, успрымаю як факт малаверагодны. Усе патэнцыйныя перадавікі ці то сьпіліся, ці ня маюць ніякай і тэхнічнай ці матэрыяльнай базы, каб учыніць гаспадарчы подзьвіг. Я днямі быў у адной вёсцы на Гарадзеншчыне. Уражаньне, як і ад бальшыні беларускіх калгасаў, жахлівае. Адзін з мэханізатараў распавёў, што праўленьне калгасу дазуе паліва на трактар да літра.

(Трактарыст: ) “А дзе ж грошы? Крэдытаў ніякіх няма. 3–5 літраў дадуць, і ўсё — далёка даедзеш? Яно ж па баку расьцячэцца, і няма нічога. Працуй, як хочаш. Да аб’екту даехаў, і там заглох. Сядаеш на ровар, яшчэ пару літраў возьмеш, з аб’екту вярнуўся. І працу, лічы, выканаў”.

Але пры ўсёй відавочнасьці абсурду новай хвалі ідэалягізацыі ўрад робіць пэўныя захады, прынамсі, на паперы заахвочваючы да высокіх паказчыкаў. Днямі прынятая пастанова выдаткаваць зь бюджэту 60 мільёнаў рублёў на прэміяваньне, у першую чаргу “ляўрэатаў” дошкі гонару, якая месьціцца ля будынку былой ВДНГ у Менску. Грошы невялікія, але калі падзяліць на тры дзясяткі партрэтаў, то атрымаецца каля сотні даляраў на кожнага. З улікам, што ў той жа вёсцы такіх грошай ніхто ня бачыў ужо колькі гадоў, сума немалая.

Іншая справа, што людзей “ад зямлі” на гэтай дошцы амаль няма. У бальшыні гэта, як кажуць, рабочая кляса. Дарэчы, загад аб заахвочаньні перадавікоў гаспадараньня спушчаны ўніз па вэртыкалі — і кожны калгас, раён, вобласьць мусяць занесьці ў свае выдаткі адпаведныя адлічэньні на дошку гонару. Так што, пры ўсім зьнешнім абсурдзе рэанімацыя савецкай практыкі працягваецца. Хоць, натуральна, спадзявацца, што падобны захад здолее спрычыніцца да кардынальнага рэфармаваньня народнай гаспадаркі, могуць хіба толькі ідэолягі ад улады: замест каб стварыць умовы дзеля ўсіх, вырашана згуляць на адзінках.

У гэтым сэнсе варта ўзгадаць, як выбарна рабілі перадавікоў год 20 таму. Цэлыя калгасы ці прадпрыемствы стваралі вобраз гэткага стаханаўца, прыпісваючы аднаму чалавеку нормы, якія выконвала цэлая брыгада. Па гэткай жа аналёгіі ў Беларусі існавала 5–6 узорных калгасаў, якім ствараўся саюзны імідж коштам соцень астатніх.

Такім чынам, Аляксандар Лукашэнка, гаворачы, што будуе ў Беларусі рыначны сацыялізм, меў на ўвазе найхутчэй апошняе слова словазлучэньня: рынкам бальшыню ўладных навінаў ніяк не назавеш.