“Мы ніколі і не прэтэндавалі на права эмісіі наяўных расейскіх рублёў, прызнаючы за банкам Расеі выключнае права на гэтую функцыю”, – заявіў Калаўр.
Паводле яго, грашова-крэдытная палітыка абедзьвюх краінаў будзе праводзіцца “на ўзаемнай аснове, аднак у рашэньнях, якія могуць закрануць стабільнасьць расейскага рубля, будзе пераважаць меркаваньне Расеі”. Нацбанк захавае статус цэнтральнага банку краіны, а ў Раду дырэктараў Расейскага банку будуць уведзеныя два беларускіх прадстаўнікі, аднак тое, што рубель зьяўляецца грашовай адзінкай Расеі, накладзе абмежаваньне на дзеяньні Нацбанку, – прызнаў Калаўр.
Паводле Паўла Калаўра, увядзеньне расейскага рубля на тэрыторыі Беларусі запатрабуе зьмены Канстытуцыі краіны. “Але кім і калі гэта будзе зроблена – пакуль пытаньне”, – сказаў ён. Паводле Калаўра, хутчэй за ўсё пагадненьне аб увядзеньні расейскага рубля і прапановы што да зьмены Канстытуцыі будуць уносіцца на зацьверджаньне адначасова.