Паводле энцыкляпэдыі, ручнік — гэта кавалак тканіны даўжынёй ад 1 да 4 мэтраў. Ручнік мае багатае і зьмяcтоўнае мінулае. Усяго нейкае стагодзьдзе таму ручнікоў у Беларусі было безьліч. Яны ўпрыгожвалі беларускія хаты ня толькі ў сьвяты, але й у будні. Імі аздабляліся абразы, яны ўваходзілі ў пасаг нявесты, іх дарылі жаніху і сватам. На знак жалобы ручнікамі аздаблялі надмагільныя крыжы, вывешвалі іх за акно на дзяды і сарачыны. У часе засухаў, войнаў і эпідэміяў беларусы ткалі ручнікі, каб уратавацца ад няшчасьцяў.
А яшчэ ручнікі беларусы ахвяроўвалі царкве і касьцёлу. Ручнікамі аздаблялі крыжы на расстайных дарогах. На зажынках ручнікамі ахіналі жытнёвыя снапы. На сёмуху іх ахвяроўвалі бярозе як духу расьліннасьці.
Словам, ручнік у недалёкім мінулым быў своеасаблівым сымбалем сям’і, роду, нацыі. Беларусы лічылі, што зь іх дапамогай ажыцьцяўлялася сувязь пакаленьняў, празь іх ад продкаў дух жыцьця перадаваўся да нашчадкаў.
Сёньня інакш. Ручнікоў значна паменела. Найперш, у гарадах, дзе рэдкія беларускія сем’і маюць ручнікі. Зьбяднела і вёска. Хаця на гэты конт і не існуе статыстыкі, але й тут ручнікі маюць пераважна людзі старэйшага пакаленьня. Таму і паўстае пытаньне: а ці патрэбныя ручнікі сучасным беларусам — сёньня і заўтра?
(Шчытко: ) “Я думаю, што трэба захоўваць, каб нашыя дзеці, нашыя ўнукі ведалі, чым займаліся нашыя бабулі, што хвалявала іх, што ўставалі яны і клаліся позна, дзеля таго, каб вышыць ці выткаць той ці іншы выраб”, — лічыць Лілія Шчытко, жыхарка Капыльскага раёну. Спадарыня Шчытко — дырэктарка Дому культуры ў вёсцы Лешня.
Дарэчы, Капыльшчына — адзін з рэгіёнаў Беларусі, дзе многія стагодзьдзі існавала арыгінальнае ручніковае ткацтва. У прыватнасьці, паводле гістарычных крыніцаў, у 17 стагодзьдзі тут працавалі ткацкія майстэрні. Вядома таксама, што ў капыльскай вёсцы Агароднікі ў 19 стагодзьдзі працавала пабудаваная князямі Радзівіламі майстэрня, вырабы якой прадаваліся ў замежжа. Тут і сёньня захаваліся выдатныя майстрыхі вырабу ручнікоў:
(Кедрык: ) “Не пры маёй памяці пачалі ткаць. Ткала мая бабуля. І маці. Я пачала ткаць з чацьвертай клясы. Мае дзеці ўсе ўмеюць ткаць”.
(Карэспандэнт: ) “Як у наш час захаваць гэты народны промысел?”
(Кедрык: ) “Трэба, каб была ахвота на гэтае тканьнё”.
Гэтую майстрыху завуць Вольга Кедрык. Ёй 72 гады. У вёсцы Лешня пры мясцовым Доме культуры яна працуе кіраўніком ткацкага гуртка. На Капыльшчыне некалькі мястэчак і вёсак, дзе працуюць гурткі, у якіх можна навучыцца ткацтву. Зьявіліся яны дзякуючы апантанасьці мясцовых прыхільнікаў нацыянальнага адраджэньня. Лілія Шчытко і ёсьць адной з такіх асобаў:
(Шчытко: ) “Кіраўнікі — людзі ва ўзросьце, якія майстэрства сваё перанялі ад сваіх бабуляў”.
(Карэспандэнт: ) “А як заахвочваюцца майстры па вырабе ручнікоў?”
(Шчытко: ) “Як кіраўнікі, яны атрымліваюць заработную плату. Але рэч не толькі ў заработнай плаце. Яны ня могуць бяз гэтага. Ім хочацца гэта рабіць. Яны на гэтым вырасьлі”.
(Карэспандэнт: ) “Ці вы задумваліся як гэтае мастацтва, промысел могуць існаваць у рынкавых умовах?”
(Шчытко: ) “Яны рэдка прадаюць свае вырабы. Яны імі ганарацца, яны іх шануюць. Я не сутыкалася, каб яны гандлявалі сваімі работамі. Яны імі толькі ганарацца, яны ім дарагія гэтыя работы”.
(Стэльмак: ) “Прынамсі, так думаюць ня ўсе, хто мае дачыненьне да гэтага занятку. Ёсьць і іншы погляд у пытаньні шляхоў захаваньня традыцыяў ручніковага ткацтва”.
(Касач: ) “Я думаю, што каб мы ткалі ды хтосьці іх купляў, было б цікавей, бо трэба ж каб быў нейкі абарот. Каб купіць ніткі, дый зарплата была. А так што толку, што толькі на выставу ткаць. Трэба, каб людзі куплялі. Цікавіліся і вучыліся ткаць. Маладзейшыя за нас. Я сем год ткала ў Слуцак. Там была мастацкая фабрыка. У нас была Паляшчук Марыя Іванаўна, дык яна вазіла нам ніткі, у нас у кожнай хаце ткалі жанчыны. Пэнсію атрымалі”.
Так мяркуе ткачыха ручнікоў зь вёскі Красная Дубрава Капыльскага раёну Валянціна Касач. Цяпер да капыльскіх майстрых ніхто ня езьдзіць. Тацяна Іванова, мэтадыст у пытаньнях народнай творчасьці слуцкага Дому культуры паведаміла, што ёсьць беларускія ткачыхі, якіх няшмат, але якія здолелі знайсьці сябе ў рынкавых умовах:
(Іванова: ) “Балавусава Таісія Мікалаеўна. Яна ткала такія вось ручнікі. Яна зараз працуе толькі на заказы. Яна купіла сабе варштат. Яна працуе на ЗАГС, на Польшчу, на Нямеччыну”.
Што тычыцца ўладаў, то яны над гэтым пытаньнем ня вельмі задумваюцца. Міністэрства культуры пераклала пытаньне адраджэньня народнага мастацтва і промыслаў на мясцовых чыноўнікаў, а тыя, у сваю чаргу, на энтузіястаў гэтай справы. Гаворыць дэпутатка Капыльскага раённага савету Ядвіга Пацэйка:
(Пацэйка: ) “У гэтым няма нічога дзіўнага. Трэба падыходзіць да гэтай праблемы з разуменьнем. Узровень культуры кожнай мясцовасьці, кожнага рэгіёну залежыць перш за ўсё ад таго, як людзі захаваюць сваю спадчыну. Незалежна ад стану эканомікі і рыначных адносінаў”.
А што думаюць на гэты конт адмыслоўцы? Гаворыць мастацтвазнаўца Яўген Сахута:
(Сахута: ) “У нашых рынкавых умовах традыцыйная народная культура выжыць ня зможа. Традыцыйная нацыянальная культура мусіць падтрымлівацца дзяржавай. Інакш яна стане рынкавым кічам. Часткова традыцыйная культура, вядома, можа самаакупляцца, але яна пяройдзе на сувэнірны ўзровень, на масавую вытворчасьць. Унікальная ж нацыянальная культура павінна падтрымлівацца дзяржавай”.