У НАЦЫЯНАЛЬНЫМ ГУМАНІТАРНЫМ ЛІЦЭІ ПАЧАЛАСЯ КОМПЛЕКСНАЯ ПРАВЕРКА

Любоў Лунёва, Менск

Сёньня ў ліцэй прыйшлі некалькі чыноўнікаў праводзіць праверку фінансавай, навучальнай, выхаваўчай і мэтадычнай працы. Выкладнікі абураюцца, што ім стварылі стрэсавы рэжым працы. Гаворыць Уладзімер Колас:

(Колас: ) “Калі прыйшлі правяраючыя, паказалі ліст аб тым, што праверка з дзярждэпартамэнту. Было напісана, што правяраць будуць ход экзамэнаў. Але фактычна правяраюць усё — загады, моўны рэжым, арфаграфічны рэжым і г.д. Гэта комплексная праверка. Безумоўна, ставяць у стрэсавы стан выкладнікаў. Безумоўна, у кожнага ёсьць нейкія апіскі, нейкія дробныя недахопы. Глядзяць на запісы ў журнале, на нейкія там скарачэньні. Ну, калі ёсьць заданьне, ёсьць тэндэнцыя... Ёсьць проста нэрвовы стан”.

Намесьніца дырэктара ў навучальнай працы Ірына Сідарэнка лічыць, што праверкі адбіваюцца на навучальным працэсе.

(Сідарэнка: ) “Я адказваю на пытаньні чатырох членаў правяраючай камісіі. Я павінна пракантраляваць экзамэны. Я павінна правесьці кансультацыю. І зь якім сэрцам я іду цяпер на свой уласны экзамэн?! Я лічу, што гэта недапушчальна. Самы галоўны паказчык — як адказваюць дзеці. Вось яны схадзілі на экзамэн па літаратуры і ў захапленьні ад адказаў нашых дзяцей. Але адразу ж бяруць журнал і пачынаюць скрупулёзна глядзець, дзе тая гадзіна, дзе гэтая, дзе і колькі... Дзякуй богу, што ўсё выканана і ўсё нармальна. Усё ж трэба спачатку паглядзець на нашыя дасягненьні, на нашых дзяцей, а не шукаць коску”.

Ліцэісты тым часам здаюць экзамэны і рыхтуюцца да вечарыны. На вечарыну запросяць усіх амбасадараў, міністра адукацыі й ягоных намесьнікаў.

(Кацярына Матавілава: ) “Я чакаю ад вечарыны, што чыноўнікі зь міністэрства ўбачаць, які ліцэй насамрэч. Яны ўбачаць, што мы можам змагацца і адпачываць. Мы прадэманструем сваю культуру і хто мы ёсьць. Усё будзе файна, як і заўсёды ў ліцэі”.

(Ігар Чэрнік: ) “Заўсёды ў нас у ліцэі была добрая атмасфэра. Выпускнікі прыйдуць падтрымаць ліцэй. Яны заўсёды ставяць ліцэйскі спэктакль. Трэба паказаць, што аўра ліцэйская была і ёсьць. Няхай міністры пабачаць нашую збліжнасьць, нашую роднасьць нашых выпускнікоў і цяперашніх навучэнцаў. Няхай чыноўнікі ўбачаць, што мы разам, ліцэй наш і застанецца нам”.

У падтрымку ліцэю мастак Аляксей Марачкін рыхтуе выставу твораў суполкі “Пагоня”. Карціны будуць разьмешчаныя ў калідорах ліцэю.

Вядомыя рок-гурты маюць намер даць канцэрт з “Народнага альбому”. Найхутчэй ён адбудзецца празь дзень пасьля паказу спэктаклю “Паўлінка”. Ліцэісты рэпэтуюць спэктакль амаль штодня. І занятыя ў спэктаклі, і гледачы хвалююцца, як перад сапраўднай тэатральнай прэм’ерай. Тэатральная студыя мае шмат цікавых праектаў, і ліцэісты спадзяюцца адстаяць ліцэй, каб ажыцьцявіліся іхныя мары.