АПАЗЫЦЫЙНЫЯ ПАРТЫІ КАНСУЛЬТУЮЦЦА НАКОНТ АДЗІНАЙ ПЕРАДВЫБАРЧАЙ КААЛІЦЫІ

Альгерд Невяроўскі, Менск

Кіраўнікі БНФ, АГП, ПКБ, БСДГ і Партыі працы вырашылі каардынаваць свае дзеяньні, каб падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў выступіць кансалідаванай сілай. Гаворыць лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Мы вырашылі, што трэба сыстэмна заняцца працай падрыхтоўкі да выбараў, а дзеля гэтага патрэбны рэжым пастаянных кансультацыяў. Для нас галоўнае, каб праз гэтую выбарчую кампанію правесьці зразумелую размову з насельніцтвам. Каб пасьля гэтай кампаніі аўтарытэт апанэнтаў рэжыму значна ўзрос”.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, ці ішла падчас сустрэчы гаворка пра адзіны сьпіс кандыдатаў і аб падзеле выбарчых акругаў?”

(Лябедзька: ) “Так, абмяркоўвалася і гэтае пытаньне. І пасьля гэтай дыскусіі я даволі аптымістычна гляджу на пэрспэктыву. Мы лічым неабходным у найбліжэйшы час правесьці сацыялягічныя апытаньні, фокус-групы, якія дапамогуць вызначыць, які фармат адзінага сьпісу мог бы быць, якую формулу неабходна рэалізоўваць”.

Пры гэтым ён дадаў, што гаварыць пра новую кааліцыю партыяў пакуль яшчэ рана.

Пра неабходнасьць стварэньня перадвыбарчай кааліцыі дэмакратычных партыяў неаднаразова казаў лідэр “Народнай грамады” Мікола Статкевіч. Але ў цяперашніх кансультацыях гэтая партыя ня ўдзельнічае. Мікола Статкевіч патлумачыў:

(Статкевіч: ) “Праблема ў тым, што калі быў першы такі сход, не запрасілі дзьве партыі — Партыю працы і партыю “Надзея”, нашых саюзьнікаў. Відаць, паводле прынцыпу, хто падабаецца, а хто не падабаецца. Мы тады ўвогуле разглядалі варыянт няўдзелу, але ўсё ж прыйшлі і запрасілі прадстаўнікоў гэтых дзьвюх партыяў. Зараз Партыю працы ўжо запрасілі, а Партыя жанчын ім не падабаецца. Калі адзінства, дык адзінства — мы ня станем гандляваць сваімі саюзьнікамі”.

Разам з тым лідэр “Народнай грамады” спадзяецца, што лідэры апазыцыі пераадолеюць свае амбіцыі і перадвыбарчая кааліцыя дэмакратычных партыяў будзе створаная ўвосень.