450 БЕЛАРУСАЎ ПРАЙШЛІ СТАЖЫРОЎКІ Ў ЗША ПА ЛІНІІ ПРАГРАМЫ “COMMUNITY CONNECTIONS”

Ул. інф.

Увогуле ўсё залежыць ад таго, што лічыць посьпехам ці недахопам, — сказаў у часе традыцыйнай сустрэчы стажораў, якая праходзіла ў менскім гатэлі “Плянэта”, мэнэджэр праграмы “Сommunity Connections” у Беларусі Говард Чанг. Паміж абедзьвюма краінамі існуе вялікая розьніца ў тэхнічным, эканамічным і палітычным разьвіцьці, і тое, што пары-тройцы беларусаў, якія працуюць у банкаўскай сфэры дый галіне інфармацыйных тэхналёгіяў, удалося ўкараніць амэрыканскую мадэль, гэта, безумоўна, дасягненьне.

(Чанг: ) “Аднак я не чакаю ад праграмы, што той посьпех, якога можна дасягнуць у ЗША, можна чакаць ў якой-небудзь іншай краіне, у тым ліку ў Беларусі. З часу развалу СССР і абвяшчэньня незалежнай Беларусі прайшло шмат часу. Аднак амэрыканцы мала ведаюць пра Беларусь, а беларусы няшмат ведаюць пра Амэрыку. Таму, думаю, што галоўнай мэты нам дасягнуць удалося. Беларусы змаглі азнаёміцца са свабодным рынкам, а амэрыканскае і беларускае грамадзтва аб’ядналіся. Думаю, што ў нашых народаў ёсьць значна болей агульнага, чым адрознага”.

Фіналісты праграмы адбіраюцца ў выніку конкурсу — з шасьці і болей чалавек на месца. Паводле арганізатараў, галоўнымі крытэрамі адбору ёсьць тое, наколькі ўдала аргумэнтуюць кандыдаты мэты будучай стажыроўкі й свой непасрэдны ўдзел у іх. Ні пол, ні ўзрост, ні прафэсійны стаж, ні нават веданьне ангельскай мовы ня можа лічыцца нейкай прэфэрэнцыяй.

Малады лекар-артапэд Яўген Гаркуша з Гомельшчыны, трапіў у ЗША, ведаючы толькі 30 ангельскіх словаў. У сям’і, дзе ён жыў, ня ведалі ніводнага слова па-беларуску альбо па-расейску. Тым ня менш, паводле Яўгена Гаркушы, гэта ніколькі не перашкодзіла яму ўсталяваць добрыя кантакты з амэрыканцамі. Што тычыць ўкараньненьня мэдычнага амэрыканскага досьведу ва ўмовах раённага шпіталю ў Рэчыцы…

(Гаркуша: ) “Зразумела, у ЗША ўсё, у тым ліку мэдыцына, заснаванае на грошах. Пакуль у нас ня будзе грошай, мы нічога ня зробім. Але іхны досьвед можна ўкараняць у нас... часткамі, з улікам нашай рэчаіснасьці. Вось, напрыклад, пераломы. У нас у гэтым выпадку накладаюць гіпс, у іх — павязкі для фіксаваньня. З такой павязкай амэрыканскі пацыент не адчувае ніякага дыскамфорту. У Рэчыцы такога няма. Трэба выходзіць на розныя фірмы. Зараз я гэтым займаюся”.

Вера Данілава, юрыст з адукацыі, пасьля леташняй стажыроўкі ў Штаце Алабама стварыла ў Менску юрыдычную кансалтынгавую фірму.

(Данілава: ) “Юрыдычны досьвед cкладаецца з самога права, якое тут у Беларусі немагчыма выкарыстаць, і з арганізацыі працы. Амэрыканцы — працаголікі, якія могуць арганізаваць працэс. У іхных канторах не сустрэнеш такога, каб хадзіць з кабінэту ў кабінэт і піць каву. Людзі цэняць свой час і час таго чалавека, які плаціць ім грошы за гэтую працу”.

Берасьцейскі выкладчык і сябра Свабоднага прафсаюзу Валянцін Лазарэнка лічыць галоўнай мэтай падобных паездак магчымасьць самому скласьці ўражаньне пра іншы бок зямной кулі і яе людзей. Тыя традыцыйныя стэрэатыпы, якія маюць пра Амэрыку беларусы, рэзка пазытыўныя альбо рэзка нэгатыўныя, насамрэч вельмі далёкія ад рэчаіснасьці.

(Лазарэнка: ) “Краіна як краіна. Я вельмі задаволены, што ўбачыў шмат незнаёмых рэчаў. Напрыклад, сыстэму самакіраваньня, калі ўкраінцы жывуць у сваёй суполцы, палякі ў сваёй, кітайцы ў сваёй, і гэтак далей... Усе ведаюць сваю мову, разьвіваюць яе, а потым асобныя нацыянальныя паняцьці паступова ўваходзяць у ангельскую мову. Нас уразіла ў краме ангельскімі літарамі напісанае слова “Сала”.

Дарэчы, у Чыкага, дзе мы былі, існуе шмат нацыяльных тэлевізійных каналаў — на польскай мове, украінскай і г.д. На жаль, беларуская суполка ў Чыкага не настолькі вялікая. Але сярод беларусаў, якія там у другім і трэцім пакаленьні, ёсьць таксама тыя, хто добра ведае мову, удзельнічае ў самых розных нацыянальных культурніцкіх імпрэзах. Гэта вельмі прыемна, што прадстаўнікі розных культураў так добра разумеюць адзін аднаго і ня маюць ніякіх супярэчнасьцяў”.