М.СТАТКЕВІЧ ЦЬВЕРДЗІЦЬ, ШТО ЛЁС АДЗІНАГА ЭМІСІЙНАГА ЦЭНТРУ ЎЖО ВЫРАШАНЫ

Юлія Шарова, Менск

Спадар Статкевіч цьвердзіць, што атрымаў гэтую інфармацыю ад прадстаўніка расейскага ўраду, зь якім меў прыватную неафіцыйную гутарку. Як паведаміла крыніца, пагадненьне пра стварэньне адзінага эмісійнага цэнтру падпісанае і працаваць ён будзе па наступных прынцыпах.

(Статкевіч: ) “Гэты эмісійны цэнтар будзе складацца з прадстаўнікоў Беларусі й Расеі. З боку Расеі пяць чалавек, з боку Беларусі — 2. Я з кім ні размаўляў, ніхто ня ведае пра тое, што пагадненьне падпісанае. Усе кажуць пра супярэчнасьці, пра перамовы. У зьвязку з гэтым, безумоўна, узьнікаюць пытаньні найперш да нашага ўраду. Ці было падпісанае гэтае пагадненьне? І калі яно падпісанае, то чаму пра гэта не паведамляецца?”

Іншых падрабязнасьцяў крыніца не паведаміла, але паводле словаў Мікалая Статкевіча, яна заслугоўвае даверу, бо асоба такога статусу ня можа дазволіць сабе дэзінфармацыю. Але ж вядома, што стварэньне адзінага эмісійнага цэнтру адбудзецца вельмі хутка, бо пагадненьне падпісанае. На думку лідэра БСДП, беларускія ўлады маўчаць пра гэта, бо Лукашэнка ўсё яшчэ спадзяецца адмовіцца ад пагадненьня, альбо кіраўнік краіны скарыстае пагадненьне як нагоду зладзіць рэфэрэндум, калі канстытуцыйны акт у найбліжэйшы час усё ж не падпішуць.

Экс-старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч не адмаўляе магчымасьці таго, што пагадненьне пра адзіны эмісійны цэнтар сапраўды падпісанае, а афіцыйныя перамовы ідуць хіба для праформы. Прынамсі, расейскі міністар фінансаў Аляксей Кудрын, на думку спадара Багданкевіча, ясна даў зразумець, што ўсе пытаньні наконт аб’яднаньня грашовых сыстэмаў збольшага вырашаныя.

(Багданкевіч: ) “У любым выпадку, у незалежнасьці ад таго, колькі чалавек будзе ў складзе гэтай рады альбо праўленьня прадстаўнікоў ад Беларусі, пытаньне будзе вырашацца эканамічнай вагой той ці іншай краіны. Калі вага адной краіны перавышае іншую ў дзевяноста разоў, то хіба можна казаць пра нейкі сувэрэнітэт і магчымасьць уплыву? Гэта здача сувэрэнітэту ў гэтай галіне”.

Экс-старшыня Нацбанку лічыць, што не прынцыпова, падпісанае пагадненьне ўжо альбо гэты дакумэнт завізуюць праз два тыдні, як пра гэта цьвердзіць расейскі бок. Але заявы расейскага віцэ-прэм’ера сьведчаць пра тое, што пытаньне ў любым выпадку вырашанае.

Начальнік упраўленьня інфармацыі Нацбанку Анатоль Драздоў між тым абвяргае цьверджаньні Мікалая Статкевіча і гаворыць пра тое, што да падобных заяваў сур’ёзна ставіцца нельга.

(Драздоў: ) “Гэта чыстая палітыка, пра што казаць! Калі б было падпісана, мы б ужо даўно сказалі. Навошта нам гэта хаваць? Нешта Статкевіч хоча тут убачыць падпольнае. Шлі перамовы і бакі пра нешта дамовіліся, але на словах. Калі нешта будзе падпісанае, то мы пра гэта абвесьцім, у тым ліку і Статкевічу”.

Спадар Драздоў цьвердзіць, што пазыцыя Нацбанку ў пытаньні аб’яднаньня грашовых сыстэмаў з Расеяй застаецца непахіснай: беларускі бок настойвае, на тым, каб “быць гаспадаром на сваёй тэрыторыі”.