ЛІЦЭЙ БУДЗЕ РАЗГЛЯДАЦЬ ПЭРСПЭКТЫВЫ ВЯРТАНЬНЯ Ў СТАТУС НЕДЗЯРЖАЎНАЙ НАВУЧАЛЬНАЙ УСТАНОВЫ

Любоў Лунёва, Менск

Усе чакалі, што ад вынікаў размовы сытуацыя, якая склалася ў ліцэі пасьля прызначэньня на пасаду дырэктара Тамары Шчэрбачэвіч, зьменіцца ў той ці іншы бок. Кіраўнікі ліцэю размаўлялі з намесьнікам міністра больш за гадзіну, але ніякіх прапановаў з боку міністэрства так і не пачулі. Адразу пасьля размовы Ўладзімер Колас паведаміў Радыё Свабода:

(Колас: ) “На жаль, вынікаў такіх канкрэтных нейкіх у пляне прапаноў з боку міністэрства, прапаноў нейкіх кампрамісных рашэньняў, жаданьня і гатоўнасьці пайсьці на перагляд свайго рашэньня мы не пачулі. Тым ня менш, нам прапанавалі падрыхтаваць свае прапановы і выказалі гатоўнасьць іх пачуць. Мы казалі пра тое, што свае прапановы мы ўжо выказалі неаднаразова ў сваіх лістах і зваротах да міністэрства, але нам было сказана, што такі варыянт не задавальняе”.

Выкладчыкі, ліцэісты і іх бацькі сабраліся на сход і чакалі кіраўніцтва ліцэю.

Сход пачаўся з хвіліны маўчаньня. У ліцэі жалоба. Памёр адзін з самых любімых выкладчыкаў ліцэістаў, вядомы беларускі гісторык Уладзімер Емяльянчык. Не адно пакаленьне ліцэістаў выхоўвалася на ягоным творы "Паланез для касінераў."

Пасьля гэтага пачаліся выступы. У актавай залі не хапіла ўсім месцаў, таму людзі стаялі ўздоўж сьцяны і ў калідоры. У ліцэй прыйшлі былыя выпускнікі, якія некалькі гадоў таму скончылі ліцэй.

(Натальля Базылевіч:) "Мы прыйшлі сюды таксама са сваімі сябрамі-выпускнікамі, каб паглядзець, якая сытуацыя зараз у ліцэі. Мы перажылі прыкладна такую ж сытуацыю, калі ліцэй зьбіраліся то зачыніць, то рэарганізаваць. Улады прыдумляюць усё новыя варыянты. Ліцэісты заўсёды гартуюць свой дух у гэтых пікетах. І нават калі нічога добрага не атрымаецца, гэта вельмі важна. Нават сам працэс удзелу ў абароне".

Бацькі прынялі тэкст звароту да Аляксандра Лукашэнкі. Яны прынялі рашэньне зьвяртацца ва ўсе грамадзкія арганізацыі, ладзіць вулічныя акцыі, выкарыстоўваць усе сродкі для абароны ліцэя.

(Алесь Астраўцоў: ) "Павінны яны рыхтавацца да іспытаў, а замест гэтага зьбіраюцца на сходы. Дзеці ўсхваляваныя. Яны хочуць адстойваць свае правы. Потым ня трэба зьдзіўляцца ўладам, што дзеці на вуліцах будуць змагацца за свае правы. Ніхто, акрамя гэтых уладаў, на вуліцу дзяцей не штурхае".

Уладзімер Колас як выйсьце бачыць пэрспэктыву пераўтварэньня ліцэю ў прыватную навучальную ўстанову.

(Колас: ) "Мы будзем разглядаць перспэктывы пераходу, ці вяртаньня ў статус недзяржаўнай навучальнай установы. У прынцыпе мы ўзьніклі як недзяржаўная навучальная ўстанова паводле рашэньня суполкі ТБМ Савецкага раёну, а потым перайшлі ў сыстэму Міністэрства адукацыі па ягонай прапанове. Такі настрой папросту вярнуцца ў гэты стан. Перспэктываў супрацоўніцтва і з гэтым міністэрствам, і з гэтымі ўладамі я ня бачу".

На наступным тыдні пачынаюцца ўступныя іспыты. У конкурсе будзе ўдзельнічаць меншая колькасьць абітурыентаў. Настаўнікі ўпэўненыя, што прычынай ёсьць нестабільная сытуацыя ў ліцэі.