Дакладных зьвестак аб колькасьці беларусаў, занятых на працы за мяжой, ніводнае афіцыйнае ведамства ня мае. Прыблізная лічба, да якой схіляюцца ў Міністэрствах працы і сацыяльнай абароны, статыстыкі і аналізу, а таксама шэрагу НДІ, якія займаюцца падобнай праблематыкай, — 400 тысяч чалавек. Прычым толькі каля 10% ад гэтай колькасьці (бальшыня навукоўцы, якія працуюць паводле кантрактаў з замежнымі ВНУ) працаўладкаваныя легальна. Усе астатнія ад’яжджаюць на ўласную рызыку, часта толькі на месцы спрабуючы знайсьці сродак заробку.
Выкладчык БДУ, кандыдат фізычных навук Ігар Сташкевіч сьцьвярджае, што тэндэнцыю на адток самых разумных і каштоўных навукоўцаў найбліжэйшым часам паламаць не атрымаецца.
(Сташкевіч: ) “Ад’яжджаюць хто толькі можа зьехаць і працаваць па спэцыяльнасьці. Хто яшчэ ня страціў кваліфікацыю, той з задавальненьнем гэтым карыстаецца: хто часова на заробкі, хто, выехаўшы часова, і вяртацца не зьбіраецца. Прыкладам, у Нямеччыне, каб працаваць ва ўнівэрсытэце, займацца навукай, не патрэбная ніякая працоўная віза, бо ўнівэрсытэты маюць права запрашаць навукоўцаў. Распачынаецца, прыкладам, які-небудзь праект, і пад яго набіраюць супрацоўнікаў.
Мае знаёмыя гэтак уладкаваліся ў ЗША, у НАСА. Выяжджаюць на адзін праект, потым знаходзяць яшчэ і яшчэ. Хоць адразу і павінны разглядаць кандыдатуры амэрыканцаў, а потым мігрантаў, звычайна амэрыканцы на такіх вакансіях працаваць ня хочуць, бо, па іхных мерках, гэта невысокія заробкі. А хто з амэрыканцаў і хацеў бы працаваць, ня мае патрэбнай кваліфікацыі”.
Але пераважная бальшыня тых, хто спрабуе зарабіць за мяжой — звычайныя, шараговыя людзі звыклых спэцыяльнасьцяў: цесьляры, столяры, муляры, зваршчыкі. Для іх мяжа мараў — які-небудзь буйны расейскі горад, дзе паўпадпольна, без усялякіх візаў і рэгістрацыяў можна прэтэндаваць на пару-сотню даляраў. Аляксей Аўсяньнікаў з Воршы пакуль пасьпяхова сумяшчае працу ў чыгуначным дэпо і рэйды ў Маскву.
(Аўсяньнікаў: ) “У Беларусі зарабіць альбо не дадуць, альбо калі і дадуць, то тут жа забяруць назад. Таму імкнесься ехаць не зусім законнымі шляхамі ў Маскву, у Расею, каб паспрабаваць зарабіць там. У мяне, прыкладам, у Маскве сваякі, яны дапамагаюць у пошуку працы. Я, адпаведна, працую як вол, астатнія гэтаксама, але мы ведаем, дзеля чаго — мы там атрымліваем грошы. Расейцы зараз болей сацыяльна абароненыя, забясьпечаныя, таму імкнуцца “лішнія” грошы ўкласьці ў нерухомасьць, будуюць шыкоўныя лецішчы, катэджы, лазьні. Ну, і нам даюць прыпрацоўку. Але я ніколі ня еду спантанна. Нехта прапануе — сябры, сябры сяброў просяць пабудавацца. І я хоць не будаўнік, але бацька мой быў цясьляр, набыў нейкія веды. І вось 5–6 гадоў ежджу ў Расею — нелегальна, але зарабляю грошы”.
Прыбыткі ад такіх хаатычных рэйдаў не такія ўжо і вялікія — у сярэднім 300 даляраў. Зусім пра іншыя грошы ідзе гаворка ў выпадку, калі пашчасьціць уладкавацца на Захадзе. Праца хоць традыцыйна і далёкая ад інтэлектуальнай, але цярплівыя беларусы болей звыклыя да фізычных нагрузак. Пра свой партугальскі досьвед распавядае мянчук Барыс Дубоўскі:
(Дубоўскі: ) “Зноў жа ўсё робіцца праз сваіх. Знайшлі ў Лісабоне працу, там заробкі вялікія, але з-за перапрацовак. Адпрацавалі 8 гадзінаў, а далей пайшлі гадзіны звышнармаваныя. З улікам гэтага працавалі 12–14 гадзінаў, у суботу-нядзелю — 8. Таму ў месяц атрымлівалася прыстойна — 1000–1200 даляраў. Паводле партугальскіх мерак, грошы можа і слабаватыя, бо нават ангольцы, бразыльцы, якія працавалі з намі, мелі больш. Але мы, малдаване, украінцы, беларусы, проста не катуемся, і стаўкі ніжэйшыя ад пачатку. Тут цудоўна ведаюць нас, нашу манеру паводзінаў, у злачынстве канкрэтна мы сябе паказалі — крымінал поўны. Таму ў зьвязку з гэтым легалізацыя зачыненая. І асобаў, якія прыехалі пасьля 30 кастрычніка, легалізоўваць ня будуць”.
Беларусаў можна сустрэць ня толькі ў міграцыйна прывабных краінах — ЗША, Нямеччыне, Чэхіі, Ірляндыі, Нарвэгіі і г.д. Маса экстрэмалаў скіроўваецца ў сапраўды экзатычныя мясьціны. Некалі папулярны лідэр гард-гурту “Тарнада” Ангус шмат гадоў жыве і працуе ў Бахрэйне.
Адзін мой былы знаёмы камсамолец неяк хваліўся, што мае пасьпяховы беларуска-бахрэйнскі бізнэс — ён пастаўляе туды дзяўчат. Паводле ягонай вэрсіі — для працы ў рэстарацыях і начных клюбах. Зрэшты, менавіта беларускія дзяўчаты найбольш актыўна скараюць геаграфічныя шыроты. Потым, праўды, фінал амаль аднолькавы для ўсіх: у найлепшым выпадку бяз грошай і дакумэнтаў іх выцягвае з прытонаў паліцыя.
І зусім рэдкія прыклады ўдалага працаўладкаваньня. Скакун у ваду з высотных трамлінаў Зьміцер Лыскавец, пра якога я неяк ужо распавядаў, забаўляе публіку ў аквапарках па ўсім сьвеце і тым самым можа лічыцца адным з самых заўважных беларусаў. А вось якімі намаганьнямі гэта вядомасьць даецца?
(Лыскавец: ) “Траўматызам, вывіхі, пераломы — ды што заўгодна. Мы неяк працавалі ў Сынгапуры, дык у нас увогуле басэйн лопнуў. Гэта добра, што здарылася пасьля працы, калі ўжо займаліся разборам выступаў. Лопнуў раптоўна: чатыры чалавекі былі ўнутры, і выцеклі разам з вадой. Сьцены басэйну пагнула, але мы моцна не пацярпелі”.
Якія працэсы з адтокам беларусаў за мяжу варта чакаць у найбліжэйшай пэрспэктыве? Кіраўнік Інстытуту сацыялёгіі НАН Міхаіл Арцюхін канстатуе, што, на жаль, тэндэнцыя ня толькі захаваецца, але можа ўзмацніцца. Паводле яго, Эўропа, у супрацьвагу амэрыканскаму кантынэнту, стварае магутны міграцыйны цэнтар, у вір якога абавязкова патрапяць і беларусы.
(Арцюхін: ) “Нямеччына адчыніць шлюзы — усе і пацякуць. А яны ўжо прыадчыняюцца, бо ёсьць моманты суаднесенасьці з Амэрыкай, і Эўропа прайграе. Акумуляваньне Амэрыкай усясьветнага патэнцыялу вельмі нераўнацэннае. Таму Эўропа яднаецца, каб стварыць новы цэнтар міграцыйнага ўцягваньня. Зараз вядуцца вельмі значныя напрацоўкі ў зьмену заканадаўчай базы, міграцыйнай палітыкі, стварэньне пэўных ільготаў. Праўда, будуць квоты ў канкрэтных спэцыяльнасьцях — прыкладам, патрэбныя 40 тысяч праграмістаў. Таму сачыце за Нямеччынай — яна зараз вызначае міграцыйны цэнтар і імкнецца стаць эўрапэйскай міграцыйнай дзяржавай”.
Каб пераканацца, што інтарэс беларусаў да асваеньня іншых краінаў і кантынэнтаў ня слабне ні на шэлег, дастаткова прайсьціся побач з амбасадамі ЗША, Францыі, Чэхіі ці той жа Нямеччыны. Штодня консульскія службы прапускаюць празь сябе ад 50 да 100 грамадзянаў Беларусі. Шматдзённыя дзяжурствы пад дзьвярыма прадстаўніцтваў, вялізныя грошы на пошук патрэбных людзей, якія дапамогуць рэалізаваць глябальныя пляны, нават катэгарычная адмова на выдачу візы не астуджаюць жаданьне тэрмінова пакінуць краіну Беларусь.