У МСЬЦІСЛАВЕ ПРАХОДЗІЦЬ БЕЛАРУСКІ ФЭСТЫВАЛЬ КАМЭРНАЙ МУЗЫКІ

Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць

Фэстываль праводзіцца ў раённым цэнтры другі раз, і сёлета ён прысьвечаны творчасьці народнага артыста СССР Яўгена Глебава. Сёньня фэстываль пачаўся з канцэрту твораў гэтага кампазытара.

Ініцыятарам правядзеньня фэстывалю беларускай камэрнай музыкі зьяўляецца народны артыст Беларусі Міхаіл Фінберг, які працуе над цыклем “Знакамітыя імёны Беларусі”. Яго падтрымалі ў Амсьціславе, дзе імкнуцца адрадзіць свае музычныя традыцыі.

Менавіта ў гэтым горадзе ў 1920-я гады мінулага стагодзьдзя жыў і працаваў стваральнік першай беларускай опэры Мікалай Чуркін. Опэра, якую ён напісаў у Мсьціславе, называлася “Слава працы”, і яе першымі выканаўцамі былі выкладчыкі Мсьціслаўскай школы для глуханямых дзяцей, дзе працаваў Чуркін. Творчасьці гэтага беларускага кампазытара быў прысьвечаны першы Беларускі фэстываль камэрнай музыкі.

На сёлетнім сьвяце, адрозна ад леташняга, будзе больш эстраднай музыкі. Арганізатары апраўдваюць гэта тым, што Яўген Глебаў шмат зрабіў менавіта ў гэтым жанры.