Увечары ўжо будзе вядомая пазыцыя міністэрства. Выкладчыкі накіравалі заяву на імя міністра адукацыі Пятра Брыгадзіна. Яны папрасілі зьняць з пасады дырэктаркі Тамару Шчэрбачэвіч. Выкладчыкі спаслаліся на тое, што новая дырэктарка не валодае беларускай мовай (а ў статуце ліцэю напісана, што працоўная мова выключна беларуская).
Акрамя таго, паводле выкладчыкаў, новая дырэктарка ня мае ніякага ўяўленьня пра мэтодыкі выкладаньня і арганізацыю навучальнага працэсу. Тое, што прызначаная кіраўніца навучальнай установы праігнаравала ўсе запрашэньні на бацькоўскі сход і сход навучэнцаў, на думку настаўнікаў, таксама сьведчыць аб прафэсійнай некампэтэнтнасьці гэтай асобы. Настаўнікі даслалі лісты кіраўніку адміністрацыі Лукашэнкі Ўралу Латыпаву і віцэ-прэм’еру Ўладзімеру Дражаву. Іх запрасілі наведаць ліцэй, каб на месцы высьветліць сытуацыю.
Бацькі амаль штодня праводзілі сходы. Яны даслалі заяву-ўльтыматум міністру адукацыі, каб той неадкладна вырашыў пытаньне: зьняў прызначаную дырэктарку, каб у ліцэі зноў панавала працоўная атмасфэра. Дэлегаты ад бацькоў наведалі міністра Пятра Брыгадзіна, і ён ім паабяцаў, што прыме рашэньне. Але дагэтуль невядома — якое.
Дарэчы, бацькі самыя актыўныя ўдзельнікі падзеяў. Яны папрасілі дзяцей устрымацца ад вулічных акцыяў і засяродзіцца на здачы іспытаў. Самі ж падалі заяўку ў Менгарвыканкам, каб атрымаць дазвол на правядзеньне васьмі пікетаў: два — ля будынку Міністэрства адукацыі, астатнія — недалёка ад ліцэю.
Чакаецца, што сёньня пасьля размовы з намесьнікам міністра сытуацыя зьменіцца. Бацькі а 6-й вечара зьбяруцца на сход. Яны маюць рашучы настрой. Калі высьветліцца, што кіраўнікам ліцэю прапанавалі звольніцца альбо іх папярэдзілі, што ў любым выпадку новая дырэктарка застанецца на сваёй пасадзе, бацькі, магчыма, ня стануць чакаць адказу Менгарвыканкаму і выйдуць на вулічныя акцыі.
Дарэчы, сёньня ліцэісты таксама прыйдуць увечары ў ліцэй. Пакуль яны пагаджаюцца ўстрымацца ад радыкальных учынкаў, але ўсё будзе залежаць ад таго, якую інфармацыю яны атрымаюць сёньня. Абураныя дзеці могуць выйсьці з-пад кантролю дарослых.