ПАМЯЦІ ГУЛЬНАРЫ ПАТАРЫДЗЭ

Аляксандар Лукашук, Прага

Роднай мовай Гульнары Патарыдзэ, парыжанкі і грамадзянкі Францыі паводле нараджэньня, была грузінская. Учора, калі яна памерла, ёй не было і 60 гадоў. 36 зь іх яна працавала на Радыё Свабода, куды прыехала пасьля заканчэньня Парыскага унівэрсытэту. Яна стала першай жанчынай – дырэктарам службы ў 1986 годзе, калі Савецкі Саюз, многім здавалася, стаяў непахісна і за слуханьне “Свабоды” ў Грузіі маглі звольніць з працы. Вось як яна ўспамнала той пэрыяд:

“Мэта радыё за камуністычным часам была гаварыць праўду. Не было інфармацыі, людзі ня ведалі, што адбываецца ў сваё уласнай краіне – палітычныя справы. Спрыяць прынцыпам дэмакратыі, абараняць правы чалавека – такая была нашая галоўная задача. У нас не было непасрэдных сувязяў з Грузіяй. Рабіць гэта было вельмі цяжка”.

Сёньня Грузінская служба Радыё Свабода гучыць на перадатчыках у самой Грузіі, яе слухае прэзыдэнт і пастух у гарах. Гэтая заслуга ў свабодным доступе да інфармацыі належыць і Гульнары Патарыдзэ. На мінулыя Каляды яна зьвярталася да слухачоў Свабоды з пажаданьнем:

“Я жадаю усім грузінам, усім нашым слухачам лепшага ва ўсіх адносінах жыцьця – больш спакойнага, больш шчасьлівага, больш лёгкага”.

Гульнары Патарыдзэ была ўласьцівая інтэлектуальная цікавасьць і прыветная лёгкасьць, парыскі шарм і грузінская ўсьмешлівасьць, і сёньня падчас разьвітаньня нехта з калегаў сказаў: “Анёл прыляцеў”.