Прадстаўнік газэты “Навінкі” Юры Шульган паведаміў, што рэдакцыя дазналася пра прыпыненьне дзейнасьці газэты толькі праз тэлефонную размову з супрацоўнікам “Белсаюздруку”:
(Шульган: ) “Сказалі, што вось такая праблема, ім прыйшла пастанова ад Міністэрства інфармацыі, што дзейнасьць газэты “Навінкі” прыпыненая на тры месяцы. І той наклад, які мы завезьлі ў панядзелак, яны распаўсюджваць ня могуць. На рэдакцыю газэты альбо на юрыдычны адрас ніякае пастановы Міністэрства інфармацыі не прыходзіла. Ні ў панядзелак, калі яна прыйшла ў “Белсаюздрук”, ні ў аўторак, ні сёньня”.
Галоўны юрысконсульт юрыдычнага аддзелу Міністэрства інфармацыі Дзьмітры Яцэвіч нічога пэўнага пра прыпыненьне дзейнасьці газэты “Навінкі” сказаць ня здолеў. А таксама пра афіцыйную паперу, якую атрымаў “Белсаюздрук”:
(Яцэвіч: ) “Калі яна камуйсьці прыйшла, значыць, і “Навінкам” мусіць прыйсьці, я так разумею”.
А кіраўнічка галоўнага прававога ўпраўленьня Мінсітэрства інфармацыі Лілія Богдан увогуле адмовілася размаўляць з Радыё Свабода, проста кінула слухаўку.
Цікава, што на вэб-сайце Міністэрства інфармацыі зьмешчанае паведамленьне пра прыпыненьне дзейнасьці газэты “БДГ”, але “Навінкі” ня згадваюцца.