АКТЫВІСТЫ КХП БНФ ДАМАГАЮЦЦА СКАСАВАНЬНЯ ДАМОВЫ АБ СТВАРЭНЬНІ САЮЗНАЙ ДЗЯРЖАВЫ

Альгерд Невяроўскі, Менск

Скаргі аб прызнаньні несапраўднай Дамовы аб стварэньні г.зв. саюзнай дзяржавы падалі Сяргей Папкоў, Алесь Чахольскі, Уладзімер Юхо, Кастусь Кашэль, Алег Радзюк і Гянадзь Пляшко. Аўтары гэтых хадайніцтваў адзначаюць, што найвышэйшыя беларускія ўлады насуперак Канстытуцыі спрабуюць пераўтварыць унітарную дзяржаву Беларусь у суб'ект іншай "саюзнай" дзяржавы.

На іх думку, саюзная дамова нясе пагрозу ўдзелу беларускіх грамадзянаў у расейскіх войнах. Дамова таксама не адпавядае статуту ААН і груба парушае міжнародныя нормы суіснаваньня дзяржаваў.

Таму актывісты КХП БНФ просяць Вярхоўны суд прызнаць, што саюзная дамова парушае іхнія канстытуцыйныя правы, прызнаць дакумэнт, падпісаны 8 сьнежня 1999 году, несапраўдным і хадайнічаць аб непрызнаньні саюзнай дамовы Канстытуцыйным судом Беларусі. Гаворыць намесьнік старшыні КХП БНФ і адзін з аўтараў скаргі Сяргей Папкоў:

(Папкоў: ) "Вельмі важны аспэкт – заява Лукашэнкі ў палаце, падчас агучваньня пасланьня, пра тое, што канстытуцыйны акт ужо падрыхтаваны й будзе вынесены на рэфэрэндум. У гэтым ёсьць небясьпека для Беларусі. І мы лічым, што ўсё беларускае грамадзтва павінна пачаць сур'ёзную акцыю па непрызнаньні дамовы 1999 году".

Адказчыкамі ў гэтай справе ёсьсць Аляксандар Лукашэнка, Палата прадстаўнікоў і Савет рэспублікі. Аўтары скаргаў просяць суд спагнаць з адказчыкаў 70 000 рублёў дзяржпошліны.

Дамова аб стварэньні г.зв. саюзнай дзяржавы была падпісаная тры з паловай гады таму, а судовыя скаргі пададзеныя толькі цяпер. Аўтары пазоваў гавораць, што ўвесь гэты час чакалі, каб справу па прызнаньні несапраўднасьці дамовы пачалі адпаведныя спэцыялісты – юрысты, сацыёлягі, палітолягі. Але не дачакаліся. Таму распачалі гэтую акцыю самі, калі адчулі небясьпеку правядзеньня рэфэрэндуму і магчымай пасылкі беларускіх вайскоўцаў-міратворцаў у гарачыя кропкі СНД.

Вярхоўны суд накіраваў скаргі ў Ленінскі раённы суд Менску. Дата разгляду гэтай справы пакуль ня вызначаная. Актывісты КХП БНФ ня надта спадзяюцца, што вынік гэтага працэсу будзе для іх пазытыўным, але пройдуць увесь ланцуг судовых інстанцыяў, каб потым зьвярнуцца ў міжнародныя арганізацыі. Аўтары хадайніцтваў ужо распачалі збор подпісаў грамадзянаў Беларусі, якія хочуць далучыцца да скаргаў у справе прызнаньня несапраўднай саюзнай дамовы.