МАЛАДЫ ФРОНТ ПРАВЁЎ АКЦЫЮ Ў ПАДТРЫМКУ ЖУРНАЛІСТАЎ “БДГ”

Альгерд Невяроўскі, Менск

Удзельнікі маладафронтаўскага пікету прыйшлі да Міністэрства інфармацыі з транспарантам: “Свабоду слову і БДГ!” Арганізатар гэтай акцыі Зьміцер Дашкевіч так патлумачыў яе мэту:

(Дашкевіч: ) “Сёньня Малады фронт прыйшоў на гэтую акцыю ў зьвязку з прыпыненьнем выхаду БДГ. У зьвязку з тым, што вынесеныя папярэджаньні “Народнай волі”, “Навінкам” і “Известиям”. Малады фронт лічыць гэтыя падзеі ціскам на прэсу, на свабоду слова, на журналістаў. Мы лічым гэта працягам таго ціску, які пачаўся з “Пагоні”. Мы ўсе памятаем зьняволеньні журналістаў, памятаем як закрывалі газэты. Галоўнае, дзеля чаго мы сюды прыйшлі — гэта падтрымаць журналістаў, іх прагу да свабоды слова, да праўды. Каб яны адчувалі, што яны не адныя. Дзякуй журналістам БДГ, “Известий” за іхную працу! Мы хочам паказаць, што ёсьць людзі, якія іх будуць падтрымліваць. Падтрымліваць незалежнасьць і свабоду слова”.

А вось думка іншай удзельніцы пікету Стасі Басавай:

(Басава: ) “Мы выйшлі, каб бараніць незалежную прэсу, каб бараніць адну з самых вядомых беларускіх незалежніцкіх газэтаў — БДГ. Таму, што нам насамрэч ня ўсё роўна, што адбываецца ў гэтай краіне, і ня ўсё роўна, што адбываецца са свабодаю слова”.

Удзельнікі пікету перадалі ў Міністэрства інфармацыі заяву на імя міністра Міхаіла Падгайнага. Маладафронтаўцы лічаць прыпыненьне выхаду “Белорусской деловой газеты” і дадатку “БДГ. Для служебного пользования” палітычным ціскам кіраўніцтва Беларусі на незалежную прэсу і на праявы дэмакратыі ды іншадумства.

Удзельнікі пікету патрабуюць ад спадара Падгайнага спыніць перасьлед “БДГ”. У выпадку невыкананьня міністрам інфармацыі патрабаваньняў пікетоўцаў, Малады фронт абаяцае праводзіць такія акцыі стала. Пры гэтым маладафронтаўцы нагадваюць Міхаілу Падгайнаму пра адказнасьць за дзеяньні, скіраваныя “супраць Беларусі й разьвіцьця ў ёй незалежнага дэмакратычнага грамадзтва”.

Пікет працягваўся каля 15 хвілінаў і скончыўся мірна.