НАВУЧЭНЦЫ НАЦЫЯНАЛЬНАГА ГУМАНІТАРНАГА ЛІЦЭЯ ІМЯ Я.КОЛАСА НЯ ЗДОЛЕЛІ ПАЗНАЁМІЦЦА З НОВАЙ ДЫРЭКТАРКАЙ

Любоў Лунёва, Менск

А 9-й раніцы ліцэісты, як звычайна, разыйшліся па аўдыторыях. Іхныя бацькі сабраліся ля будынку ліцэя. Яны абураліся паводзінамі новай, прызначанай міністрам адукацыі, дырэктаркі, якая і сёньня не пажадала паразмаўляць з бацькамі. Тамара Шчэрбачэвіч спаслалася на вялікую занятасьць. Бацькі непакояцца за будучыню ліцэя. Кожны год шмат ахвотнікаў аддаць сваіх дзяцей менавіта ў гэтую навучальную ўстанову.

Ліцэй імя Я.Коласа ўваходзіць у міжнародную фэдэрацыю ліцэяў “United World Colleges”, у якую ўваходзіць далёка ня кожны ліцэй з краіны Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Сяброўства ў гэтай сетцы дае права ліцэю штогод накіроўваць лепшага вучня на стажаваньня за мяжу. Выкладчыкі ліцэю амаль усе кандыдаты або дактары навук. Яны — аўтары значных мэтадычных працаў, падручнікаў, перакладаў мастацкай літаратуры, па якіх вучацца школьнікі ўсёй Беларусі. Напачатку 90-х ліцэй быў прызнаны пілётнай школаю для адпрацоўкі новых мэтодык у гуманітарных навуках.

Бацькі ліцэістаў маюць рашучы настрой, каб уратаваць ліцэй для сваіх дзяцей. У Вінцука Вячоркі ў ліцэі вучыцца сын Франак.

(Вячорка: ) “Спробы прыслаць сюды кіраўніка, які, мала таго, што невядомы ў мэтадычных колах, мала таго, што ня мае навуковай ступені, мала таго, што не валодае ніводнай замежнай мовай, дык яна й беларускай мовай не валодае! Гэта ёсьць абразай. Гэта ёсьць замахам на наш нацыянальны гонар!”

Да Вінцука Вячоркі далучыліся іншыя бацькі:

(Спадар: ) “Дзеці падтрымаюць нас, а мы іх. Трэба ж нешта рабіць. Пад ляжачы камень вада не цячэ”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы пойдзеце разам зь дзецьмі, калі яны выйдуць на акцыю пратэсту?”

(Спадарыня: ) “Усе бацькі падтрымаюць сваіх дзяцей, калі дзеці выйдуць. А дзеці ў нас настроеныя больш радыкальна”.

Тым часам Тамара Шчэрбачэвіч прайшла ў пакой бугальтэрыі і зачынілася там.

Ліцэісты на кожным перапынку зьбіраліся ў актавай залі на сход. Аб 11-й гадзіне яны прынялі Зварот да дырэктаркі. У сваім Звароце вучні папрасілі новую дырэктарку сысьці ў адстаўку. У прыватнасьці яны напісалі, цытую, “лічым ганебным з вашага боку ацэньваць працу У.Коласа як нездавальняльную ці нядобрасумленную, як і ўсіх выкладчыкаў, хоць бы зыходзячы з вынікаў рэспубліканскіх і міжнародных прадметных алімпіядаў, дзе ліцэісты каторы год стала займаюць вышэйшыя месцы”. Мы прыйшлі вучыцца ў ліцэй таксама з-за беларускай мовы, якая тут заўжды панавала. На жаль, за Вашым прыходам мы ня бачым будучыні захаваньня гэткага ж нацыянальнага духу сярод ліцэістаў”.

Недзе праз гадзіну дырэктарка адчыніла дзьверы бугальтэрыі. Гэтым скарысталіся тры ліцэісткі. Яны папрасілі новую дырэктарку падняцца да іх у актавую залю і пазнаёміцца з вучнямі. Дырэктарка паведаміла, што ёй няма калі сустракацца, але, магчыма яна прыйдзе на наступным перапынку. Як толькі дзяўчынкі сышлі, спадарыня Шчэрбачэвіч сышла з ліцэю.

(Ліцэістка: ) “Прыйсьці і не зьвярнуцца да калектыву?! Калі бачна адносіны і настаўнікаў і нас?! Гэта папросту непрыстойна і непрыгожа. Зараз мы што можам, то й робім. Ліцэй наш і мы ліцэісты. Трэба, каб на гэта зьвярнулі ўвагу... А яна хаваецца...”

Ліцэісты прынялі рашэньне даслаць свой Зварот, як адкрыты ліст у Міністэрства адукацыі.

Лявон Баршчэўскі паведаміў, што многія выкладчыкі гатовыя сыйсьці з ліцэю.

(Баршчэўскі: ) “Я кваліфікаваных людзей у гэтай сфэры магу распазнаць па пяці фразах. Тут гэтых пяць фразаў я не пачуў ад гэтага чалавека. Нават блізка ў яе няма ўяўленьня пра ліцэй. Што тут, хто тут — ёй ніколі і ў галаву не прыходзіла. Яна шчыра нам заявіла на сходзе, што ніколі нічога пра ліцэй ня ведала. Адпаведным чынам я расцэньваю гэта — проста як зьнявагу для сябе. Такога начальніка над сабой я проста не пацярплю. Тут будзем або мы, або такія кіраўнікі, якія тут усё разваляць за 2-3 месяцы”.

Сёньня а 6-й гадзіне вечара ў ліцэі бацькоўскі сход. Туды запрасілі новую дырэктарку, але й гэтым разам тая праігнаравала запрашэньне. 30 траўня ліцэісты выйдуць на вулічную акцыю.