Крымінальная справа заведзеная 28 траўня супраць жыхара Нясьвіжа Аляксандра Крутога. Вось што паведаміў на гэты конт памочнік пракурора гораду Ўладзімер Ягадзінскі:
(Ягадзінскі: ) “Я магу сказаць толькі, што ўзбуджана крымінальная справа паводле артыкулу 368 Крымінальнага кодэксу Беларусі — публічная абраза прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь”.
(Карэспандэнт: ) “Маглі б патлумачыць справу больш падрабязна?”
(Ягадзінскі: ) “Больш па матэрыялах справы я нічога не скажу. Ні па тэлефоне, ні пры вочнай сустрэчы”.
Аляксандр Круты — беспрацоўны. У апошнія гады займаўся праваабарончай дзейнасьцю. У Менску і Нясьвіжы дапамагаў людзям адстойваць грамадзянскія правы ў канфліктах з уладамі і праваахоўнымі ворганамі. За гэта, паводле ягоных словаў, стаў ахвяраю цяперашніх парадкаў — страціў працу, прапіску і пэрспэктыву працаўладкаваньня. Спрычыніліся ж да ўзбуджэньня цяперашняй крымінальнай справы ўлёткі спадара Крутога:
(Круты: ) “Людзі ходзяць і кажуць, што ўсе ворганы ўлады схіляюцца “ко злу” — г.зн. “твораць зло”. Далей было напісана, я кажу: “Ко злу Лукашенко не склоняется”. Вось што я напісаў. “Ко” напісана асобна. “Да зла Лукашэнка не схіляецца”. А міліцыянты сталі распаўсюджваць чуткі па горадзе, што нібыта “Лукашэнка — казёл”. Гэта робіць міліцыя, я тут ні пры чым”.
Аляксандар Круты паведаміў, што ўчора яго 9 гадзінаў пратрымалі ў міліцэйскім пастарунку. Увечары, паводле ягоных словаў, міліцыянты прыехалі да ягонай кватэры, узламалі дзьверы і правялі ператрус. Як лічыць Круты, шукалі на яго кампрамат. У сваю чаргу, памочнік пракурора Ягадзінскі зазначыў, што прадстаўнікі правахоўных органаў дзейнічалі ў рамках закону, як у пытаньні затрыманьня Крутога, абыходжаньня зь ім, гэтак і пры ажыцьцяўленьні ператрусу.
Завядзеньне крымінальнае справы супраць нясьвіскага праваабаронцы атрымала розгалас у горадзе. Вось як пракамэнтаваў яе лідэр нясьвіскай суполкі Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Алесь Язьвінскі:
(Язьвінскі: ) “Тое, што адбываецца з Сашам Крутым — гэта ёсьць парушэньнем правоў. Самае такое непрыхаванае! Чалавек, калі пачынае жыць паводле закону, прытрымліваючыся закону, дык ён выглядае ненармалёвым — таму што нармалёва ў нас усё парушаць, рабіць выгляд, што ўсё нармалёва і рабіць усё у парушэньне закону.
Таму, маё такое стаўленьне — і не толькі на гэтым прыкладзе, але й на тых прыкладах, каго ён адстойваў, каму дапамагаў, калі былі парушаныя правы, што гэта — глябальнае парушэньне правоў. І лёс Сашы Крутога якраз наглядна паказвае гэтую сытуацыю — ненармалёва ў нашай краіне”, — мяркуе Алесь Язьвінскі, кіраўнік нясьвіскай партыі КХП-БНФ.