У гэтага візыту ёсьць дзьве адметныя рысы — па-першае, рабочая група ўпершыню наведвае Беларусь з моманту прызнаньня Нацыянальнага Сходу Сталым камітэтам ПА АБСЭ ў лютым сёлета. Па-другое, яна ўпершыню выядзе за межы сталіцы — у Гомель.
Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька адзначае, што прыезд дэлегацыі на чале з Утай Цапф у апазыцыйных палітычных партыяў не выклікае вялікага энтузыязму.
(Лябедзька: ) “Напярэдадні візыту адбылося паседжаньне кіраўнікоў партыяў і там гучалі крытычныя ацэнкі рашэньня Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ і нават гучала прапанова зьнізіць статус прысутнасьці палітычных партыяў. У канчатковым выглядзе кіраўніцтва партыяў будзе прыстунічаць на сустрэчах. Але мы ідзем туды ня толькі, каб расказваць пра сёньняшнюю сытуацыю ў Беларусі, але галоўнае — пачуць выразны адказ, якая стратэгія, тактыка дзейнасьці ў рабочай групы пасьля таго як Нацыянальны сход быў прыняты ў склад асамблеі. Гэта вельмі істотна. Мы б хацелі пачуць адказ, чаму адбылося адступленьне ад пакрокавай стратэгіі, якая была дэкляраваная міжнароднай супольнасьцю”.
Са свайго боку, Ута Цапф выказвае спадзяваньне на тое, што “Новая сытуацыя дасьць магчымасьць для больш глыбокага супрацоўніцтва паміж рабочай групай і беларускімі парлямэнтарамі, адносна выкананьня чатырох крытэрыяў дэмакратызацыі. Прагрэс у выкананьні гэтых умоваў надзвычай важны ў сьвятле парлямэнцкіх выбараў, што заплянаваныя на 2004 год”.
Намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Канаплёў выказвае думку, што Ута Цапф уздыме пытаньні ўнясеньня асобных зьменаў у Выбарчы кодэкс, а таксама падрыхтоўкі й правядзеньня адкрытых парлямэнцкіх выбараў ў 2004 годзе.
Лідэры апазцыі пазытыўна ацанілі жаданьне дэлегацыі ПА АБСЭ наведаць беларускую правінцыю. Гаворыць старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка.
(Вячорка: ) “У прынцыпе, гэта добра. Але праблема ў тым, хто будзе арганізоўваць гэты выезд. Калі ўлады, дык мы добра ведаем, як будуюцца пацёмкінскія вёскі”.
Апрача іншага ў Гомелі дэлегацыя ПА АБСЭ абмяркуе сытуацыю ў справе ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы і аховы прыроды.