КАМІСІЯ РАСЬСЬЛЕДУЕ ЎСПЫШКУ МЭНІНГІТУ Ў ГОРАДНІ

Сяргей Астраўцоў, Горадня

Сёньня ў некаторых гарадзенскіх школах настаўнікі й вучні ходзяць у марлевых масках. Хаця ўлады сьцьвярджаюць, што эпідэміі ў горадзе няма і каранціну ў школах і садках — таксама. Таму яны пакуль не адмяняюць масавыя мерапрыемствы, заплянаваныя на выходныя дні.

У гарадзенца Анатоля Хацько днямі захварэла на мэнінгіт 7-гадовая дачка. Ён гаворыць, што толькі калі ён узьняў шум, у горадзе даведаліся пра ўспышку хваробы.

(Хацько: ) “Натуральна, гэта замоўчвалі — таму што ўся сыстэма пабудаваная на замоўчваньні. Я чаму і абураны ўсім гэтым? Гэта ў мяне другі выпадак, у мяне дачка двойчы была ў гэтай бальніцы. Першы раз у 1995 годзе, калі яе на Астроўскага заразілі сальманэлёзам”.

Мэдыкі дапускаюць магчымасьць павелічэньня лічбы хворых да 200. Сёньня зьбіралася гарадзкая камісія надзвычайных сытуацыяў. Вось што мне ўдалося пачуць там: абласная інфэкцыйная бальніца перапоўненая, неабходна 30 мільёнаў рублёў на набыцьцё мэдыкамэнтаў, дадаткова патрэбныя лябаранты. Галоўны доктар Станіслаў Ількевіч гаворыць, што зь 70 хворых на інтэравірусную інфэкцыю, толькі 42 заняпалі менавіта на мэнінгіт.

(Ількевіч: ) “Не заўсёды можна зь першага дня паставіць дыягназ. Дзеля гэтага мы яго шпіталізуем і, адпаведна, назіраем”.

На паседжаньні камісіі адзначана, што найболей хворых у тых раёнах гораду, дзе на тры з паловай тыдні адключалі гарачую ваду. Дарэчы, да ўчорашняга дня не было яе і ў самой інфэкцыйнай бальніцы.

Учора адбылася сэсія гарсавету. Але дэпутаты ня сталі біць у званы, іх задаволіла афіцыйная інфармацыя — што сытуацыя “пад кантролем”, галоўнае ня піць вады з-пад крану. Хаця вірус у вадаправоднай вадзе дагэтуль ня выяўлены.