У ВАРШАВЕ ЗАКОНЧЫЛАСЯ КАНФЭРЭНЦЫЯ, ПРЫСЬВЕЧАНАЯ ФАРМАВАНЬНЮ ВАЙСКОВАГА КАНТЫНГЕНТУ Ў ПОЛЬСКАЙ ЗОНЕ ІРАКУ

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Пасьля таго, як стала вядома, што Польшча будзе кіраваць стабілізацыйнымі сіламі ў адной з чатырох зонаў паваеннага Іраку, шматлікія заходнія камэнтатары выказалі меркаваньне, што Варшава ня здолее сфармаваць дывізію з 8-9 тысяч жаўнераў – менавіта столькі вайскоўцаў патрэбна, каб эфэктыўна выканаць ірацкую місію.

Аднак ужо ўчора было зразумела, што праблемаў з пошукам хаўрусьнікаў палякі, хутчэй за ўсё, мець ня будуць, тым больш, што ўчора Рада Бясьпекі ААН ухваліла адпаведную рэзалюцыю. Гаворыць намесьнік міністра абароны Польшчы Януш Зэмкэ:

(Зэмкэ: ) “Ёсьць усе шанцы, каб у склад нашай дывізіі ўвайшлі жаўнеры з некалькіх кантынэнтаў. Думаю, што сярод іх будуць і мусульмане”.

У Варшаву прыехалі прадстаўнікі міністэрстваў абароны 22 краінаў сьвету, якія зацікаўленыя ў скіраваньні сваіх жаўнераў у польскі сэктар. Перш як вырашыць у сваіх краінах – ці дапамагчы Польшчы, замежныя вайскоўцы хочуць ведаць усе падрабязнасьці пра ўмовы службы ў польскім сэктары, патрабаваньні да жаўнераў і ўзбраеньня.

Хаця паседжаньні канфэрэнцыі адбываліся пры зачыненых дзьвярах і без удзелу журналістаў, неафіцыйна вядома, што пад кіраўніцтвам Польшчы ў Іраку сярод іншых будуць служыць вайскоўцы зь Вялікабрытаніі, Гішпаніі, Італіі, Нарвэгіі і Баўгарыі. Даволі значны ўдзел у стабілізацыйных сілах возьме і Ўкраіна. Кіеў гатовы скіраваць у Ірак 2 тысячы жаўнераў – гэта чвэрць ад усёй польскай дывізіі.

Перадусім Варшава патрабуе ад хаўрусьнікаў вайсковыя часткі, якія маглі бы забясьпечыць хуткае транспартаваньне жаўнераў і тэхнікі ўнутры свайго сэктару пры дапамозе гелікоптэраў.

Варта адзначыць, што пераважная большасьць выдаткаў, зьвязаных з утрыманьнем міжнароднага корпусу ў польскай зоне, будзе аплачаная Злучанымі Штатамі.

Варшава возьме ўдзел і ў адбудове Іраку. Былі міністар фінансаў Польшчы прафэсар Марэк Бэлька ўзначаліць групу аўтарытэтных міжнародных экспэртаў, якія будуць займацца рэфармаваньнем ірацкай эканомікі.