ІНСТЫТУТ ВАЙНЫ І МІРУ – ПРА ДЗІЦЯЧУЮ ПРАСТЫТУЦЫЮ Ў БЕЛАРУСІ

Юры Дракахруст, Прага

Беларуская аўтарка Сьвятлана Курс спасылаецца на ацэнкі прадстаўнікоў руху “Супраць гвалту над дзецьмі”, паводле якіх у Менску налічваецца каля 1500 непаўнагадовых прастытутак. Нават сталічная міліцыя нораваў паведамляе, што летась у Менску было 12 справаў аб уцягваньні непаўнагадовых у прастытуцыю.

Шмат гэтых маленькіх прастытутак прыяжджае ў Менск з правінцыі, яны гандлююць сабою за 2-3 даляры ці нават за шакалядку. У артыкуле прыводзяцца словы 13-гадовай прастытуткі са Стоўпцаў, якая кажа: “У нас у горадзе няма працы, бацькі п’юць, дома – голад і галеча. А ў Менску жыцьцё добрае – можна зарабіць нават на плэер і красоўкі”.

Значная частка маладзенькіх прастытутак працуюць самастойна, аднак некаторыя маюць сутэнераў, якія пастаўляюць іх кліентам па выкліку.

У бюлетэні Інстытуту вайны і міру паведамляецца пра наладжаныя шляхі перапраўкі непаўнагадовых беларускіх прастытутак у Маскву, сярэдняя цана адной дзяўчынкі – 750 даляраў. Там яны папаўняюць войска маскоўскіх путан – паводле адмыслоўцаў, у сталіцы Расеі працуюць каля 30 тысяч непаўнагадовых прастытутак зь Беларусі, Украіны і Малдовы.

Некаторыя зь іх з Расеі трапляюць на Захад у публічныя дамы ці да багатых пэдафілаў. Ёсьць выпадкі, калі нават бацькі прадаюць сваіх дзяцей замежным пэдафілам. Зь Беларусі дзіця нельга вывезьці за мяжу бяз пашпарту і дазволу бацькоў, у Расеі такога абмежаваньня няма, таму гэты транзыт ідзе празь яе.

У артыкуле Сьвятланы Курс прыводзіцца ацэнка адмыслоўцаў, паводле якой беларускі зьяўляюцца пэрсанажамі прыблізна паловы ўсіх Інтэрнэт-сайтаў дзіцячай парнаграфіі. У сеціве маецца прыблізна 10 тысяч сайтаў дзіцячай парнаграфіі, і пераважная частка зь іх – расейскамоўныя.

Сьвятлана Курс, спасылаючыся на меркаваньні адмыслоўцаў, піша, што прычынамі распаўсюду дзяцячай прастытуцыі ў Беларусі зьяўляюцца галеча і падзеньне маральных стандартаў.