ПРЫВАТНАЙ МЭДЫЧНАЙ ФIРМЕ НЕ ДАЮЦЬ РАБIЦЬ АПЭРАЦЫI НА АРАНДАВАНЫХ ПЛОШЧАХ БЕРАСЬЦЕЙСКАГА ШПIТАЛЮ

Алег Супрунюк, Берасьце

Фiрма “Мiкоф” ужо дзевяць гадоў працуе ў Берасьцi як фiлiя вядомага цэнтру Сьвятаслава Фёдарава “Мiкрахiрургiя вока”. За гэты час лекарамi цэнтру зроблена каля трох тысяч апэрацыяў, некалькi дзясяткаў тысяч грамадзянаў Беларусi прайшлi дыягностыку i абсьледаваньне.

Дагэтуль апэрацыi рабiлiся на арандаваных плошчах Берасьцейскага гарадзкога шпiталю, што прыносiла гэтай установе дадатковыя сродкi. Але пасьля загаду Аляксандра Лукашэнкi (паводле якога прыватным мэдычным цэнтрам забараняецца аказваць паслугi на тэрыторыi дзяржаўных установаў) дамова арэнды памяшканьняў была скасаваная.

Iншых плошчаў, прыдатных для гэтых мэтаў, пакуль не знайшлi, i таму фiрма “Мiкоф” займаецца толькi дыягностыкай хворых i даглядае тых, каму ўжо зробленая апэрацыя. Што да самiх апэрацыяў, дык цяпер клiентам берасьцейскай фiрмы прапануюць ехаць у Чабаксары, дзе знаходзiцца фiлiя цэнтру Сьвятаслава Фёдарава. У вынiку выдаткi на апэрацыю iстотна павялiчылiся, што непакоiць тых, хто жадае паправiць свой зрок.

(Спадарыня: ) “Канечне, для мяне гэта дадатковыя выдаткi — ехаць у Расею на апэрацыю, калi раней гэта можна было зрабiць у Берасьцi. Я мяркую, што тое, што такiя цэнтры павыганялi зь дзяржаўных шпiталяў — гэта няправiльна”.

Дырэктар фiрмы “Мiкоф” Вячаслаў Тышук кажа, што ад рашэньня пра выдаленьне прыватных мэдычных фiрмаў найперш пацярпелi звычайныя грамадзяне, якiя ня могуць атрымаць якасных паслугаў у дзяржаўных установах. Спадар Тышук абвяргае зьвесткi пра тое, што прыватныя мэдычныя фiрмы атрымлiваюць вялiкiя прыбыткi ад сваёй дзейнасьцi ў Беларусi й cтвараюць нядобрасумленную канкурэнцыю дзяржаўным шпiталям.

(Тышук: ) “Я ня бачу канкурэнцыi, бо ў мэдыцыне, на мой погляд, гэта не найлепшы варыянт. Гэта ня гандаль, не вытворчасьць нейкiх тавараў, дзе канкурэнцыя рухае якасьць. У нас можа быць канкурэнцыя толькi сярод цэнтраў, што аказваюць аднолькавыя паслугi. I калi больш такiх цэнтраў, тады можа зьнiжацца i сабекошт паслуг. I хтосьцi выйграе ад гэтага, бо кошты зьнiжаюцца”, — лiчыць Вячаслаў Тышук, чыя фiрма вымушаная спынiць лязэрныя i хiрургiчныя апэрацыi ў Берасьцi й перанесьцi гэты вiд сваёй дзейнасьцi ў Расею.