ДРУГІ СУД НАД АЛЯКСАНДРАМ ЧЫГІРОМ ПРЫЗНАЧАНЫ НА 16 ТРАЎНЯ

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сына былога прэм’ера зноў будуць судзіць у Ленінскім судзе Менску, цяпер пад старшыняваньнем судзьдзі Валянціны Зінкевіч. Год таму Аляксандар Чыгір ужо быў прызнаны вінаватым ва ўдзеле ў выкраданьні аўтамабіляў і асуджаны на 7 гадоў турмы. Ён пасьпеў колькі месяцаў адседзець у Івацэвіцкай калёніі, але быў вернуты ў менскі сьледчы ізалятар як падсьледны ў іншай крымінальнай справе.

“Сына абвінавачваюць у выкраданьні аўтамабіляў разам зь нявысьветленымі асобамі. 15 апізодаў — і ніводнага саўдзельніка? Дзіўна… Гэтак на якога заўгодна чалавека магчыма “павесіць” які заўгодна крадзеж”, — заявіў для нашага радыё экс-прэм’ер Міхаіл Чыгір. Ён ня верыць у вінаватасьць малодшага сына і тлумачыць ягоны перасьлед палітычнымі прычынамі.