КНІГІ Ў НЯМЕЧЧЫНЕ І БССР ПАЛІЛІ АДНАЧАСНА, І ПАЛІЛІ АДНАДУМЦЫ

Аляксандар Лукашук, Прага

Першыя ахвяры любога таталітарнага рэжыму – яго самыя красамоўныя апанэнты, інтэлектуалы, пісьменьнікі, тыя, хто разумее пагрозу несвабоды.

У Нямеччыне на заклік Гебэльса чысьцілі бібліятэкі ад габрэйскага інтэлектуалізму і кніг ворагаў нацызму. Вакол вогнішчаў стаяў натоўп, як разьдзіраў кніжкі на шматкі й шпурляў у вагонь. Пасьля нацысты пачалі паліць і забіваць і аўтараў кніг.

У Савецкім Саюзе таксама палілі й трушчылі кнігі у той самы час – вось вытрымка з загаду Галоўліту БССР №33 ад 3 чэрвеня 1937 году, які тлумачыў, што рабіць з выкінутай зь бібліятэк літаратурай:

“Рабіць зьнішчэньне шляхам пропуску праз рэзальныя машыны друкарняў. У райцэнтрах, дзе няма рэзальных машынаў, прынятую літаратуру спальваць з адзнакай на акце спаленьня”.

Толькі паводле аднаго гэтага загаду, было зьнішчана больш за тысячу назваў беларускіх слоўнікаў, падручнікаў, альбомаў, мастацкіх кніг. Загады, паводле якіх палілі мову, выдаваліся штогод. У адрозьненьне ад Нямеччыны, дзе нацысты сьпярша зьнішчалі кнігі, а пасьля аўтараў, камуністы зьнішчалі аўтараў і іх творы адначасна, а пасьля толькі падчышчалі рэшту.

70-гадовы юбілей паленьня кніг у Трэцім Райху і БССР – сьведчаньне крэўнай роднасьці нацызму і камунізму, Сталіна і Гітлера, і іх пасьлядоўнікаў.

Цэнзура – заўсёды гвалт над галоўнымі чалавечымі каштоўнасьцямі: свабодай думкі і свабодай слова.