КIРАЎНІЦТВА БЕРАСЬЦЕЙСКАЙ КРЭПАСЬЦI ЗАБАВЯЗВАЮЦЬ СПЛАЦIЦЬ ПАДАТАК ЗА ЗЯМЛЮ, НА ЯКОЙ ЗНАХОДЗIЦЦА МЭМАРЫЯЛЬНЫ КОМПЛЕКС

Алег Супрунюк, Берасьце

Падатковыя органы запатрабавалi ад кiраўнiцтва берасьцейскага мэмарыялу сплацiць больш за 70 мiльёнаў рублёў падатку за зямлю. Сваё рашэньне яны тлумачаць тым, што цяперашняе заканадаўства не прадугледжвае льготаў нават для тэрыторыi, што займае гiстарычны помнiк. Акрамя таго, паводле меркаваньня падатковай iнспэкцыi, кiраўнiцтва мэмарыялу мусіць сплацiць i iншыя падаткi, бо здае частку плошчаў у арэнду i атрымлівае прыбытак.

Паўплываць на сытуацыю мясцовыя ўлады ня здольныя. Берасьцейскi гарсавет прыняў рашэньне зьменьшыць стаўку зямельнага падатку для мэмарыялу, але адмянiць яго ўвогуле можа толькi ўрад Беларусi альбо асабiста Аляксандар Лукашэнка. Нiякай рэакцыi ад кiраўнiцтва краiны дагэтуль няма.

Намер дзяржаўных структураў спагнаць грошы з Берасьцейскай крэпасьцi больш за ўсё абурае вэтэранаў вайны. Яны прынялi адмысловы зварот, у якiм cьцьвярджаецца, што браць падатак з мэмарыяльнага комплексу — “амаральна ды цынiчна”. Вэтэраны патрабуюць, каб крэпасьць назаўсёды вызвалiлi ад любых падаткаў.

Адмiнiстрацыя мэмарыялу тлумачыць, што здае ў арэнду вельмi малую частку плошчаў i робiць гэта з-за недастатковага фiнансаваньня зь бюджэту. Ужо некалькi гадоў марудна iдзе рэканструкцыя крэпасьцi. Занепадае тэрыторыя, разбураюцца манумэнтальныя скульптуры.

У свой час адмысловае рашэньне пра выдаткаваньне грошай на патрэбы мэмарыялу было прынятае кiраўнiкамi краiнаў СНД, але толькi некаторыя зь iх выканалi свае абяцаньнi. Зараз на рэканструкцыю прадугледжанае фiнансаваньне з так званага саюзнага бюджэту, але i адтуль грошы паступаюць нерэгулярна.

Затое знаходзяцца сродкi на ўтрыманьне iншага мэмарыялу, якi мае назоў “Вартавым мяжы”. Сёньня тут урачыста адкрылi барэльефы з бронзы яшчэ двум героям-памежнiкам (цяпер такiх бюстаў восем). Мэмарыял “Вартавым мяжы” зьявiўся ў Берасьцi яшчэ ў 1976 годзе, але сапраўдную вядомасьць атрымаў два гады таму, калi падчас аднаўленьня яго наведалi Аляксандар Лукашэнка i патрыярх Маскоўскi Алексiй II. Пакуль усе барэльефы ўсталяваныя ў гонар герояў-памежнiкаў, але адмыслоўцы ня выключаюць, што калiсьцi тут можа зьявiцца i бюст Аляксандра Лукашэнкi, якi праходзiў вайсковую службу сярод памежнiкаў менавiта ў Берасьцi.