АФІЦЫЙНЫ МЕНСК АДЗНАЧЫЎ ДЗЕНЬ ПЕРАМОГІ ТРАДЫЦЫЙНЫМ ШЭСЬЦЕМ НА ЧАЛЕ З АЛЯКСАНДРАМ ЛУКАШЭНКАМ

Юры Сьвірко, Менск

А 10-й раніцы 9 траўня арганізаваныя калёны людзей пачалі рух на праспэкце Францішка Скарыны ў бок плошчы Перамогі. Было шмат дзяцей у зялёна-белай форме — новых піянэраў, якіх таксама вырашылі далучыць да афіцыйнай праграмы.

Насуперак традыцыі, Беларускае тэлебачаньне вяло наўпроставую трансьляцыю толькі па-расейску. Вядучыя падчас уключэньняў у жывы эфір і закадравы камэнтатар зусім не карысталіся беларускай мовай, якая заўсёды гучала раней. Зусім не было беларускамоўных песьняў пра вайну.

Падчас трансьляцыі шэсьця вельмі мала паказвалі Аляксандра Лукашэнку. Калі ён пачаў зачытваць з паперкі сьвяточную прамову, у кадры побач зь ім засталіся толькі сьвятары, прычым каталіцкі стаяў да кіраўніка дзяржавы бліжэй за праваслаўнага.

Хаця напярэдадні на ўрачыстым сходзе з нагоды Дня Перамогі Аляксандар Лукашэнка казаў пра “пэрспэктыву новага таталітарызму гвалтоўнага навязваньня аднапалярнага сусьветнага парадку” і пра тое, што дзеля “прасоўваньня дэмакратыі па-амэрыканску робяцца далёка ня добрыя справы — войны, разбурэньне сусьветных культурных цэнтраў, акупацыя сувэрэнных краін, сьмерць дзясяткаў тысяч людзей”, 9 траўня на плошчы Перамогі спадар Лукашэнка быў больш дыпляматычны:

(Лукашэнка: ) “Прынцыповая пазыцыя беларускага кіраўніцтва па найважнейшых міжнародных праблемах не задавальняе тых, хто ігнаруе статуты міжнародных арганізацыяў, нормы міжнароднага права. Мы — рэалісты, пільна ўглядаемся ў карціну сучаснага сьвету, якая хутка мяняецца. І добра разумеем, як абараніць сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць нашай дзяржавы. Мы абавязаныя й будзем трымаць порах сухім”.

Аляксандар Лукашэнка таксама сказаў, што будаўніцтва саюзу з Расеяй і разьвіцьцё зь ёю супрацоўніцтва ў вайсковай сфэры ёсьць “стратэгічным курсам Беларусі й найважнейшым чыньнікам нацыянальнай бясьпекі”.

Пазьней у Менску пачаліся менш афіцыйныя імпрэзы кшталту паказальных выступаў байцоў спэцназу, рыцарскіх турніраў і шоў байкераў Савецкага раёну сталіцы. У мікрараёне Серабранка на беразе Чыжоўскага вадасховішча адкрылі новы парк імя Надзеі Грэкавай — былой старшыні пасьляваеннага Вярхоўнага Савету БССР.

Ва ўсіх раёнах Менску ў Дзень Перамогі вырашылі ўключыць фантаны. На заканчэньне сьвяткаваньняў менскія ўлады падрыхтавалі салют, прызначаны на 10-ю гадзіну вечара.