НЕДАБУДАВАНУЮ СТАНЦЫЮ МЭТРО “РАКАЎСКАЯ” МЕНСКІЯ ЎЛАДЫ ВЫРАШЫЛІ ПЕРАЙМЕНАВАЦЬ У “СПАРТЫЎНУЮ”

Юры Сьвірко, Менск

Сталічныя ўлады адрэагавалі на ліст, які быў зьмешчаны ў гасьцявой кнізе афіцыйнага Інтэрнэт-сайту Менскага гарадзкога выканкаму. Нейкі Міхаіл Майсеевіч з Галяндыі прапанаваў зьмяніць назву станцыі мэтро “Ракаўская”, якую мяркуюць дабудаваць праз два гады. Сваю прапанову ён абгрунтаваў сугучнасьцю назвы станцыі са словам “рак”.

Міхаіл Майсеевіч таксама заклікаў старшыню гарвыканкаму Міхаіла Паўлава пераняць прыклад шмат якіх гарадоў сьвету, улучна зь Нью-Ёркам, дзе забаронена паленьне ў барах і рэстаранах. “Будзьце ініцыятарам прыняцьця такога закону й Вы”, — заклікаў спадара Паўлава жыхар Галяндыі й дадаў: “Тое, што я бачыў у Вас у барах (гэтыя газавыя камэры), кашмарам назваць нельга, гэта занадта мякка”.

Менскія ўлады імгненна адрэагавалі на гэты заклік. Дырэктар вылічальнага цэнтру Менгарвыканкаму Аляксандар Пятроў, які адказвае за афіцыйны сайт, зьмясьціў на ім паведамленьне: “Дадзенае даручэньне наконт замены назвы станцыі мэтро “Ракаўская”, і ў тэрмін да 20 траўня гэтая станцыя атрымае назву “Спартыўная”. Дадзенае даручэньне й наконт падрыхтоўкі рашэньня выканкаму з наступным зацьверджаньнем на сэсіі гарадзкога Савету дэпутатаў пра забарону паленьня ў рэстаранах, кавярнях ды іншых месцах зь вялікім скопішчам людзей, тэрмін — да 25 траўня”.

Спадар Пятроў зазначыў, што гэты адказ зьмешчаны паводле даручэньня першага намесьніка старшыні Менгарвыканкаму Ярохава.

Я патэлефанаваў сакратарцы Мікалая Ярохава, якая сказала, што шэф перад Днём Перамогі вельмі заняты, але зьвязалася зь ім і перадала адказ:

(Валянціна Аляксандраўна: ) “Я зьвязалася зь Мікалаем Міхайлавічам праз простую лінію. Значыць, выйшла рашэньне выканкаму сапраўды пра перайменаваньне станцыі”.

На тым самым афіцыйным сайце гарадзкога выканкаму ўжо зьявілася шмат крытычных водгукаў — напрыклад, перайменаваць станцыю “Магілёўская”, бо яна сугучная з магіламі. Яшчэ адзін менчук піша, што ягоныя дзед, бацька й сястра памерлі ад раку, але назва “Ракаўская” ніякіх нядобрых асацыяцыяў у яго не выклікае — “ня Ракавая ж!” Іншы аўтар нагадвае, што станцыю “Спартыўную” ўжо намалявалі на схемах разьвіцьця мэтро — яна будзе ва Ўруччы.

Жыхары сталіцы раяць не дагаджаць Аляксандру Лукашэнку, бо Лядовы палац знаходзіцца паміж станцыямі “Пушкінская” й “Ракаўская”. Калі ж апошняя назва вельмі замінае камусьці, прапануюць варыянты “Віленская”, “Гарадзенская” альбо “Цівалі” — так называлася вёска ў раёне будаўніцтва станцыі. “А то давайце яшчэ й Ракаўскае прадмесьце ў Спартыўнае перайменуем дзеля паўнаты адчуваньняў”, — саркастычна заўважае яшчэ адзін жыхар сталіцы.