Трохпавярховы будынак новай ірацкай амбасады будзе адным з самых вялікіх сярод дыппрадстаўніцтваў у Менску. Праект распрацаваны беларускімі архітэктарамі з выкарыстаньнем элемэнтаў арабскай архітэктуры. Будаўнікі ўжо завяршаюць мантаж трэцяга паверху каркасна-маналітнай канструкцыі.
Замоўца будоўлі — беларуская фірма “Белмэталэнэрга”, вядомая сваімі шчыльнымі сувязямі з Іракам, якая за час кіраваньня Садама Хусэйна фактычна мела манаполію на пастаўкі ў Ірак беларускай тэхнікі. Генэральны падрадчык — прыватнае прадпрыемства “Тэхнахімтрэйд”.
Будаўніцтва ірацкай амбасады пачалося летась у жніўні і вядзецца хуткімі тэмпамі. “МАЗы” і “Волаты” з будматэрыяламі пад’яжджаюць да аб’екту нават у абед. Брыгадзір будаўнікоў кажа, што ў рабочых нават няма перапынку на абед. Ён таксама скардзіцца, што аб’ект складаны, але не ў тэхналягічным пляне, а ў арганізацыйным — два-тры разы на тыдзень сюды прыяжджае ірацкі амбасадар Салман Зэйдан, іншыя дыпляматы ды кантралёры ад беларускіх уладаў.
А нядаўна генэральны падрадчык атрымаў распараджэньне з рэзалюцыяй, напісанай рукой Аляксандра Лукашэнкі: “Завяршыць аб’ект без прамаруджваньня”. Вось будаўнікі і шчыруюць. Як паведаміў прараб Аляксандар Глебка, цяпер на будоўлі задзейнічана каля 60 чалавек.
(Глебка: ) “Верасень-месяц — увод. За апошнія два месяцы, пачынаючы адсюль, зрабілі тры паверхі. Усё ідзе паводле графіку”.
Прараб Аляксандар Глебка паведаміў, што ірацкі амбасадар Салман Зэйдан апошні раз быў на будоўлі тры дні таму, і яны абмяркоўвалі пэрспэктывы завяршэньня работаў у сувязі з апошнімі падзеямі ў Іраку, а таксама лёс будаўніцтва і самога амбасадара.
(Глебка: ) “Пакуль ён выконвае абавязкі, ніхто яго пакуль не здымаў. Будзе новы ўрад, то будуць вырашаць, застанецца ён ці будзе іншы прадстаўнік. Я пытаўся ў яго пр гэта, і ён кажа, што пакуль іх дыпкорпус не мяняюць. Як была прызначаная амбасада, так яна і засталася”.
Тым ня менш, прараб Глебка асабліва ня хоча ўдзельнічаць у палітычных размовах і абмяркоўваць пытаньне фінансаваньня будоўлі:
(Глебка: ) “Вы зашмат задаяце пытаньняў. Цікаўнасьць — гэта дрэнна”.
Тым часам ірацкія дыпляматы па-ранейшаму штодня прыходзяць на працоўныя месцы ў стары будынак амбасады і чакаюць сьвежых паведамленьняў з Багдаду. Прадстаўнік амбасады Мустафа Каміль Абур зазначыў Свабодзе, што не выключае такой магчымасьці, што амбасада ў Менску больш не спатрэбіцца Іраку. Невядома, ці захоча новы ірацкі ўрад па-ранейшаму супрацоўнічаць з Беларусьсю.
Прадстаўнік ірацкай апазыцыі з руху “Нацыянальная згода” Аяд Аляві нядаўна заявіў, што будучы ўрад Іраку мае намер супрацоўнічаць з усімі краінамі, за выключэньнем Беларусі й Францыі, якіх ён абвінаваціў у ваеннай дапамозе рэжыму Садама Хусэйна ды заявіў, што пры цяперашняй уладзе ў Беларусі працяг дыпляматычных адносінаў Багдаду зь Менскам наўрад ці магчымы.